Мінюст: пэўныя асобы ладзяць у Беларусі палітычныя гульні

15.12.2010 12:56
Архив Редакция

Міністэрства юстыцыі Беларусі звярнулася да кіраўнікоў арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў з заклікам заставацца ў баку ад "палітычных гульняў" напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. У мінюсце асабліва падкрэслілі, што цяперашняя выбарчая кампанія праводзіцца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам Беларусі, а таксама з міжнароднымі прававымі стандартамі.

Міністэрства юстыцыі заклікала кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзаў і палітычных партый «выконваць дзейнае заканадаўства і не дазволіць уцягнуць сябе і свае арганізацыі ў палітычныя гульні, якія ладзяць пэўныя асобы». У міністэрстве юстыцыі адзначылі, што не варта паддавацца на заклікі асобных грамадзянаў да ўдзелу ў супрацьзаконных дзеяннях у дзень выбараў, 19 снежня, бо яны могуць «парушыць правы і законныя інтарэсы іншых грамадзян».

«Беларусь — цывілізаваная еўрапейская краіна, якая паслядоўна праводзіць курс на станаўленне дэмакратычнай прававой дзяржавы, адной з прыкмет якой з’яўляюцца свабодныя і дэмакратычныя выбары», — падкрэслілі ў міністэрстве юстыцыі.

У мінюсце адзначылі, што падлік галасоў выбаршчыкаў і афіцыйнае апублікаванне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў будзе зроблена ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны. У сувязі з гэтым мінюст заклікаў грамадзян «не дапускаць дзеянняў, якія могуць парушыць стабільнасць і прававы парадак».

«Міністэрства юстыцыі верыць у талерантнасць, мудрасць і законапаслухмянасць беларускіх грамадзян і, перш за ўсё, бацькоў, якія адказваюць за сваіх дзяцей. Перад краінай стаіць найважнейшая задача далейшага паляпшэння якасці жыцця нашых грамадзян, захаванне стабільнасці і бяспекі ў мэтах будаўніцтва квітнеючай і моцнай краіны», — адзначылі ў міністэрстве.

Как вам новость?