Мінюст: пляскаць у далоні на плошчы — не супрацьзаконна

28.06.2011 13:47
Архив Редакция

Кіраўнік міністэрства юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў падчас сустрэчы з жыхарамі Бабруйску заявіў, што ніякай адказнасці для людзей, якія выходзяць на плошчу і не парушаюць грамадскі парадак, не прадугледжана. Міністр юстыцыі асабліва падкрэсліў, што пляскаць у далоні таксама не супрацьзаконна.

«У нас сапраўды свабода. Калі грамадзянін пляскае ў далоні, то гэта таксама не супрацьзаконна. Калі гэтыя апладысменты доўгія і беспадстаўныя, то гэта пытанне да вузкіх спецыялістаў, якія, магчыма, захочуць праверыць яго стан здароўя», — лічыць Віктар Галаванаў.

Тым не менш, па словах міністра юстыцыі, калі вялікая група людзей устане на плошчы і будзе «проста стаяць» або «проста пляскаць», то тут «іх свабода заканчваецца». «Тут надыходзіць свабода тых, хто вяртаецца з працы або прыйшоў на плошчу адпачыць ці пагуляць з дзецьмі. Ім гэты натоўп перашкаджае», — заявіў Віктар Галаванаў

«У гэтым выпадку цалкам правамерныя дзеянні працаўнікоў міліцыі, якія прапануюць «проста пастаяць» або «проста папляскаць» у іншым месцы, не замінаючы людзям. Калі такія плескуны адмовяцца, то органы ўнутраных спраў могуць расцаніць гэтыя дзеянні як парушэнне грамадскага парадку, а суд вызначыць канкрэтную меру пакарання. Пляскаць трэба на стадыёне або ў тэатры», — рэзюмаваў міністр.

Між тым, як перадаваў Тэлеграф, міліцыя абяцае караць удзельнікаў магчымай «маўклівай» акцыі пратэсту, калі яны збяруцца і будуць апладзіраваць на Кастрычніцкай плошчы Мінску ў Дзень незалежнасці Беларусі 3 ліпеня. У гэты дзень мінчукі і госці сталіцы змогуць беспакарана апладзіраваць толькі ветэранам, удзельнікам парада і артыстам, заявіў 27 чэрвеня намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў.

Как вам новость?
Головоломки