Мінюст трэці раз запар адмовіў БХД у рэгістрацыі

26.10.2010 17:20
Архив Редакция

Міністэрства юстыцыі Беларусі 25 кастрычніка ў чарговы раз, ужо трэці па ліку, адмовіў у дзяржаўнай рэгістрацыі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". "Гэта суцэльная клаўнада — і ў дачыненні да "выбараў", і ў дачыненні да рэгістрацыі партый і грамадскіх аб'яднанняў", — лічыць сустаршыня партыі БХД, патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі.

«Рэжым Лукашэнкі (дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — Тэлеграф) выкапаў сабе магілу — туды засталося толькі заскочыць. З нашага боку трэцяя спроба атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю была жэстам добрай волі ў дачыненні да рэжыму, шанец прадэманстраваць нейкае падабенства палітычнай лібералізацыі. Але сітуацыя паўтарылася — як першы і другі раз: людзей запалохвалі, прадстаўнікі мінюста пагражалі выгнаць людзей з працы, вучобы і гэтак далей. Рэжым выкарыстаў свой шанец менавіта так», — заявіў Віталь Рымашэўскі.

Праводзіць чацверты ўстаноўчы з’езд палітык лічыць немэтазгодным, перадае «Беларускі партызан». «Мы разгледзім, вядома, магчымасць абскардзіць гэтае рашэнне, але я сумняюся ў мэтазгоднасці такога кроку», — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Разам з тым, у афіцыйным вырашэнні міністэрства юстыцыі значыцца, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі партыі з’яўляецца парушэнне парадку стварэння партыі БХД, якое «носiць невыпраўляльны характар». Акрамя таго, у мінюсце патлумачылі, што «партыяй прадстаўлены дакументы і звесткі, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, у тым ліку падробленыя і несапраўдныя дакументы», а таксама што «ўмовы членства партыі не адпавядаюць устаноўчым дакументам партыі». Усё гэта таксама дае мінюсту падставы для адмовы ў рэгістрацыі БХД.

Так, у адказе мінюста значыцца, што пасля правядзення апытання было выяўлена, што «прыкладна з 10% апытаных ад агульнай колькасці асобаў, указаных у спісе заснавальнікаў Партыі БХД (1037 заснавальнікаў) каля 30% заснавальнікамі партыі не з’яўляюцца». «Асобныя з іх былі ўведзеныя ў зман адносна мэтаў дзейнасці гэтай партыі, іншыя ставілі свае подпісы па цалкам іншых падставах», — растлумачылі ў мінюсце.

Как вам новость?
Головоломки