Мінкульт: Нясвіжскі замак ужо амаль гатовы да адкрыцця

20.04.2011 11:10
Архив Редакция

Намеснік міністра культуры Віктар Кураш заявіў, што Нясвіжскі замак рыхтуецца да здачы ў поўную эксплуатацыю, а ўсе будаўнічыя працы на яго тэрыторыі выкананы на 96-97%. Адкрыццё аднаго з самых вядомых беларускіх замкаў для наведнікаў запланавана на 1 ліпеня. Цяпер у ім засталося правесці толькі рэстаўрацыйныя працы: ляпніна, пазалота, печы, панэлі.

«Дзверы ўжо зманціраваны, падлогі выкладзеныя і адшліфаваны, засталіся толькі мастацкія працы, якія патрабуюць карпатлівасці і часу. Рэстаўратары і будаўнікі працуюць напружана, у дзве змены з падоўжаным працоўным днём, праца праходзіць і ў выходныя дні. Таму ўсё ідзе да таго, каб здаць Нясвіжскі замак і адкрыць яго для шырокага кола наведнікаў 1 ліпеня гэтага года», — распавёў намеснік кіраўніка мінкульта.

У рамках падрыхтоўкі замка да адкрыцця ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе 16 красавіка адбылася традыцыйная рэспубліканская акцыя — суботнік. Мерапрыемства прайшло ў рамках святкавання Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных месцаў, які больш за 20 гадоў адзначаецца краінамі ЮНЕСКА.

На суботніку працавала больш за 80 чалавек. Адна з груп працавала на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу на ўборцы лісця, у Марысіным парку былі пасаджаныя маладыя елкі, а яшчэ частка ўдзельнікаў Рэспубліканскай акцыі займалася агульнабудаўнічымі работамі на тэрыторыі замка. Маладыя мастакі працягнулі традыцыю, якая з’явілася ў 2010 годзе ў Любчы, і адлюстравалі ў сваіх працах абноўлены Нясвіжскі замак. Падводзячы вынікі суботніка, яго арганізатары падкрэслілі, што гэта мерапрыемства ўнесла непасільны ўклад у справу захавання і аднаўлення замка Радзівілаў, да ўводу ў эксплуатацыю якога засталіся лічаныя тыдні.

Суботнік адбыўся пры падтрымцы ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі міністэрства культуры Беларусі і прадстаўніцтва кампаніі Caparol ў Беларусі.

Как вам новость?