Мінлясгас ўводзіць дадатковыя меры па прадухіленні лясных пажараў

03.08.2010 14:23
Архив Редакция

У Беларусі прымаюцца дадатковыя меры для прадухілення ўзнікнення пажараў у лясным фондзе краіны. Падраздзяленні дзяржаўнай лясной аховы па выяўленні і недапушчэнні лясных пажараў вядуць ўзмоцненае дзяжурства ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення лясной гаспадаркі мінлясгаса Валянцін Шатраўка.

Штодня вядзецца патруляванне ў лясах, дзяжурства на пажарна-хімічных станцыях і назіральніцкіх вышках, апавяшчэнне насельніцтва. У поўную гатоўнасць прыведзены сілы і сродкі па тушэнні лясных пажараў — машыны і асабісты склад работнікаў лясной аховы. Лясгасу забараняецца прыцягваць службовых асоб дзяржаўнай лясной аховы на іншыя працы, не звязаныя з аховай лесу. Асаблівая ўвага надаецца хваёвым насаджэнням, якія найбольш падвяргаюцца ўзгаранню, перадае БелТА.

Узмоцненае патруляванне з прыцягненнем авіяцыі РУП «Беллесавія» МНС вядзецца уздоўж беларуска-расійскай мяжы. «У цяперашні час няма пагрозы пераносу лясных пажараў з боку Расіі, дзе яны бушуюць у многіх рэгіёнах. Ачагоў узгарання на тэрыторыі ляснога фонду ў прымежных раёнах з Расійскай Федэрацыяй не выяўлена», — адзначыў Валянцін Шатраўка.

У цэлым, з пачатку пажаранебяспечнага сезону ў Беларусі зарэгістраваны 401 выпадак лясных пажараў на плошчы 253,2 гектара. Найбольшая колькасць пажараў адзначана ў Гомельскай вобласці — 148 выпадкаў на плошчы 58,3 гектара. Найбольшая плошча, якая пацярпела ад лясных пажараў, у Магілёўскай вобласці — 102,9 гектара. Пры гэтым тут зарэгістравана 85 выпадкаў пажараў. У Мінскай вобласці адбылося 25 пажараў на плошчы 4,45 гектара. Найбольш распаўсюджаная прычына ўзгаранняў — няўважлівасць людзей,я кія адпачываюць на прыродзе.

Як раней пісаў Тэлеграф, у мэтах прадухілення лясных і тарфяных пажараў ў шэрагу абласцей рэспублікі была ўведзены забарона на наведванне лясоў. Адпаведныя рашэнні прынятыя раённымі выканаўчымі камітэтамі. У Віцебскай вобласці наведванне лясоў абмежавана каля Віцебску, Полацку, Лёзна, Суражу і Дрэтуні. У Гарадзенскай — каля Горадні і Скідалю, у Гомельскай — у Жлобінскім раёне. У Магілёўскай вобласці — амаль ва ўсіх раёнах. Адносна спакойнае становішча захоўваецца ў лясах Мінскай і Берасцейскай абласцях. Тут забароны на наведванне лясоў не ўводзіліся.

Как вам новость?