Мінінфарм абвінаваціў у беспарадках 19 cнежня недзяржаўныя СМІ

31.12.2010 08:35
Архив Редакция

Міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі 30 снежня заявіў, што ў яго ведамства ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі да працы некаторых недзяржаўных СМІ ў перыяд мінулай выбарчай кампаніі. На думку Алега Праляскоўскага, значная частка віны за масавыя беспарадкі на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня ляжыць менавіта на несумленных недзяржаўных СМІ.

«Вялікая колькасць публікацый насіла адкрыта антыдзяржаўны характар, многія з іх утрымлівалі недакладныя звесткі, абразы і паклёп, заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах», — адзначыў кіраўнік мінінфарма.

Па словах Алега Праляскоўскага, многія недзяржаўныя выданні скарысталіся максімальна ліберальным стаўленнем да іх з боку дзяржавы і праігнаравалі не толькі журналісцкую этыку, але і патрабаванні беларускага заканадаўства. У сувязі з гэтым міністэрства інфармацыі мае намер дбайна прааналізаваць дзейнасць гэтых СМІ і даць ім адпаведную прававую ацэнку, перадае БелТА.

Праляскоўскі: расійскія СМІ спрабуюць перашкодзіць нармалізацыі стасункаў Мінску і Масквы

Алег Праляскоўскі таксама адзначыў, што сярод СМІ, якія прадузята і тэндэнцыйна асвятлялі выбарчую кампанію ў Беларусі, былі таксама і некаторыя расійскія выданні, якія атрымалі акрэдытацыю беларускіх уладаў. «На фоне нармалізацыі беларуска-расійскіх адносін, што абазначылася на пачатку снежня такія дзеянні можна разглядаць толькі як спробу асобных колаў перашкодзіць развіццю гэтага працэсу», — падкрэсліў міністр інфармацыі.

Праляскоўскі: дзяржаўным СМІ падчас выбараў не хапала вастрыні

Разам з тым працу дзяржаўных СМІ ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў Алег Праляскоўскі ацаніў у цэлым станоўча. «У друкаваных і электронных СМІ арганізавана канструктыўнае, ўсебаковае і аб’ектыўнае асвятленне ходу падрыхтоўкі і правядзення кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі», — заявіў міністр, падкрэсліўшы, што іх публікацыі строга адпавядалі нацыянальнаму заканадаўству і сусветным стандартам.

Тым не менш, Алег Праляскоўскі лічыць, што працы дзяржаўных мас-медыя часам не хапала вастрыні, аператыўнасці і аналітычнасці ў асвятленні таго, што адбываецца. На думку кіраўніка міністэрства, у перыяд выбарчай кампаніі не хапала матэрыялаў прадстаўнікоў экспертнай супольнасці — кіраўнікоў і спецыялістаў дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікоў грамадскасці, палітолагаў, эканамістаў, дзеячаў навукі, культуры і так далей.

Как вам новость?
Головоломки