Мінінфарм: "чорных спісаў" дзеячоў культуры няма і быць не можа

03.03.2011 14:59
Архив Редакция

Міністэрства інфармацыі Беларусі не мае дачынення да распаўсюджанага напярэдадні "чорнага спісу" дзеячоў культуры, згадка якіх у афіцыйных беларускіх СМІ непажаданая. Аб гэтым 3 сакавіка заявіў начальнік упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў міністэрства Уладзімір Матусевіч. Паводле яго слоў, у міністэрстве інфармацыі падобных спісаў "няма і быць не можа".

«Не ведаю, чыя гэта выдумка, правакацыя ці як там гэта назваць. Міністэрства працуе ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі», — цытуе Уладзіміра Матусевіча беларуская служба Радыё «Свабода».

Начальнік упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў падкрэсліў, што міністэрства інфармацыі ніколі не распаўсюджвала такога роду «чорных спісаў» ці цыркуляраў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, напярэдадні спіс дзеячаў культуры, згадка якіх у афіцыйных беларускіх СМІ непажаданая, без пячатак і подпісаў выдалі ўсім рэдактарам афіцыйных СМІ і радыёстанцый. У дадзены спіс патрапілі як беларускія дзеячы культуры («Ляпіс Трубяцкой», «Палац», «Нейра Дзюбель», увесь склад беларускага «Свабоднага тэатра», паэты Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі і іншыя), так і прадстаўнікі Расіі і краін далёкага замежжа (гурты «ДДТ», «наів», «Тараканы», Pet Shop Boys, Tru Thoughts, удзельнікі кампаніі салідарнасці з Беларуссю Кэвін Клайн, Ен МакКэлэн, Сэмюэл Уэст, Джуд Лоў і Кэвін Спэйсі і іншыя).