Мінінфармацыі: у Беларусі няма інтэрнэт-СМІ

03.12.2010 11:51
Архив Редакция

Міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі заявіў 2 снежня, што ў краіне няма інтэрнэт-СМІ. «У нас няма такога паняцця, як інтэрнэт-СМІ. У нас ёсць ацэначная норма ў законе, якую мы пакуль не рэалізавалі... Пакуль афіцыйна інтэрнэт-СМІ — гэта не сродкі масавай інфармацыі. Гэта блогеры, магчыма, але пакуль не журналісты», — адзначыў ён.

«Я думаю, што ў наступным годзе пастановай урада мы гэтае пытанне вырашым», — заявіў міністр, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, журналіст у сваіх публікацыях не можа быць аб’ектыўным, таму ён абавязаны ўсведамляць сваю сацыяльную адказнасць — «імкненне заўсёды ўсведамляць тыя наступствы, сацыяльныя, палітычныя, культурныя, якія можа выклікаць публікацыя ягонага матэрыялу». «Цяпер даволі распаўсюджаным з’яўляецца пункт гледжання, што журналіст наадварот, не павінен абмяжоўваць сябе і адкрыта пісаць усё, што ён бачыць і разумее. Але ж ні адзін журналіст не можа быць абсалютна аб’ектыўным! Пагадзіцеся, ва ўсіх ёсць свае погляды, свае прыхільнасці, свая пазіцыя. Ці мае тады сэнс прэтэндаваць на валоданне абсалютнай ісцінай?», — адзначыў Алег Праляскоўскі.

На яго думку, у аснове беларускай журналістыкі знаходзяцца людзі, якія «маюць уласную грамадзянскую пазіцыю, адкрыта заяўляюць і абараняюць яе ў сваёй працы». Менавіта яны з’яўляюцца найбольш аб’ектыўнымі, лічыць міністр.

Праляскоўскі: папярэджанне СМІ ратуе іх ад банкруцтва

Як заявіў кіраўнік міністэрства інфармацыі, у Беларусі няма фундаментальных праблемаў са СМІ. «Ёсць у іх (АБСЕ — Тэлеграф) адзінае пытанне — не выносіць папярэджанняў СМІ. Але калі я распавядаю ім, што такое папярэджанне, разумеюць і прымаюць нашу пазіцыю. Папярэджанне — як падушка бяспекі для ўсіх выданняў. Не толькі для апазіцыйных, але і дзяржаўных таксама. Калі мы за кожную недакладную інфармацыю ў СМІ будзем падаваць іск у суд, яны збанкрутуюць», — лічыць ён.

Паводле яго слоў, у краіне таксама адсутнічае рэгуляванне інтэрнэту, а толькі ўпарадкаванне. У гэтым змаглі пераканацца і прадстаўнікі АБСЕ пры абмеркаванні пытання рэалізацыі ўказу № 60 па рэгуляванні інтэрнэту, адзначыў Алег Праляскоўскі.

Праляскоўскі: самаакупальнасць дзяржСМІ не самамэта

«Сёння кантэнт нашых вэб-сайтаў у масе сваёй бясплатны, рынак рэкламы ў сферы інтэрнэт-СМІ мае нязначны аб’ём і знаходзіцца, па сутнасці, у зародкавым стане. Такая сітуацыя, дарэчы, характэрная для ўсёй постсавецкай прасторы, ды і многіх краінаў далёкага замежжа. Так што поўны сыход друкаваных СМІ ў інтэрнэт пакуль малаверагодны», — паведаміў міністр.

Ён таксама выказаў меркаванне, што пераход дзяржаўных СМІ на самаакупнальнасць не з’яўляецца самамэтай. «У цяперашні час акцэнт трэба рабіць на інфармацыйна-ідэалагічны складнік», — заявіў ён.

Раскрытыкаваў Алег Праляскоўскі і сайт WikiLeaks, які публікуе канфідэнцыйныя дакументы органаў дзяржкіравання розных краінаў. «Наўрад ці ў некага павернецца язык, каб назваць гэтыя дзеянні прыкладам аб’ектыўнасці і бесстароннасці», — заявіў ён.

Как вам новость?
Головоломки