Мінпрацы: Беларусь па ўзроўню заробку і пенсій у лідарах ў СНД

04.01.2011 15:09
Архив Редакция

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валяр'ян Кароль 4 студзеня заявіў, што Беларусь па ўзроўню заработнай платы і пенсій у даляравым эквіваленце знаходзіцца ў ліку лідараў сярод краін СНД. На думку намесніка міністра, у будучыні эканоміка краіны захавае сваю сацыяльную накіраванасць, бо гэтая мадэль добра зарэкамендавала сябе.

Валяр’ян Кароль паведаміў, што Беларусь выканала ўсе задачы, агучаныя ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006-2010 гады. У іх ліку задачы па росце рэальных даходаў насельніцтва, абмежавання беспрацоўя, павышэнню ўзроўню сацыяльных гарантый і стварэнню надзейнай сістэмы сацыяльнай абароны сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, перадае БелТА.

«Сёння мы можам канстатаваць, што пастаўленыя задачы выкананы. У краіне забяспечаны дынамічны рост заработнай платы і пенсій. За мінулую пяцігодку рэальны памер зарплаты павялічыўся ў 1,6 разы. На працягу апошніх гадоў у краіне практычна мінімізавана запазычанасць па выплаце заробку», — адзначыў намеснік міністра.

Мінпрацы: узровень беспрацоўя знізіўся да 0,7%

Валяр’ян Кароль таксама падкрэсліў, што ў цяперашні час у Беларусі падтрымліваецца кантраляваная, стабільная сітуацыя на рынку працы. Узровень рэгістраванага беспрацоўя знізіўся да 0,7% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

У 2011 годзе, паводле слоў намесніка міністра, у сацыяльнай палітыцы краіны прыярытэтамі па-ранейшаму застануцца ўстойлівы рост узроўню і якасці жыцця насельніцтва, а таксама стварэнне ўмоваў для развіцця чалавечага патэнцыялу.

«Сацыяльная палітыка ў 2011-2015 гадах будзе зыходзіць з пераемнасці мэтаў і прыярытэтаў, якія сфармаваны і рэалізоўваліся ў папярэднія гады. Нацыянальная мадэль сацыяльна-арыентаванай эканомікі добра зарэкамендавала сябе і будзе захоўвацца ў перспектыве», — падкрэсліў Валяр’ян Кароль.

Как вам новость?
Головоломки