Мінпрацы не паспявае за графікам павышэння зарплаты да 500 даляраў

19.05.2010 17:17
Архив Редакция

У Беларусі распрацоўваецца новы графік павышэння тарыфнай стаўкі першага разраду, каб да канца года выйсці на ўзровень зарплаты ў 500 даляраў, паведаміў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік. "Ранейшы графік прадугледжваў павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду з красавіка, верасня і лістапада гэтага года, аднак красавік ужо прайшоў, а павелічэння стаўкі не было", — сказаў намміністра.

Па словах прадстаўніка мінпрацы, тарыфная стаўка першага разраду сёлета «будзе падвышана ў любым выпадку». «Пастаўлена задача дасягнуць узроўню заработнай платы да канца года 500 у эквіваленце, у тым ліку ў бюджэтнай сферы — 405 даляраў у эквіваленце», — нагадаў Пётр Грушнік, перадае БелТА.
Першы намміністра працы і сацыяльнай абароны растлумачыў, што выканаць ранейшы графік павышэння не дазволіла ў тэрмін эканамічная сітуацыя ў краіне.
Пётр Грушнік таксама расказаў пра тое, што ў рэспубліцы ў перспектыве будуць зменены падыходы да налічэння дапамогі па беспрацоўі. Першы намміністра адзначыў, што пытанне павышэння памеру дапамогі не губляе сваёй актуальнасці. 
«У свой час мінпрацы і сацабароны падрыхтавала праект адпаведнага дакумента. Ім прадугледжваўся сыход пры разліку дапамогі ад базавай велічыні і пераход да бюджэту пражытковага мінімуму», — растлумачыў прадстаўнік міністэрства, дадаўшы, што цяпер гэта пытанне знаходзіцца ў стадыі абмеркавання.
Пётр Грушнік выказаў надзею, што пытанне пра павышэнне памеру дапамогі вырашыцца ў найбліжэйшыя год-два. 

Как вам новость?
Головоломки