Мінпрацы хоча павысіць пенсіі яшчэ сёлета

29.09.2010 10:12
Архив Редакция

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі разглядае магчымасць павышэння працоўных і сацыяльных пенсій. Паводле слоў намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціны Каралёвай, калі дазволяць фінансавыя магчымасці нацыянальнай эканомікі краіны, чарговае падвышэнне пенсій адбудзецца яшчэ сёлета.

Адпаведнае даручэнне аддаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 верасня на з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Як распавяла Валянціна Каралёва, у Беларусі сацыяльныя пенсіі атрымліваюць каля 52 тыс. чалавек. Большасць з іх — дзеці-інваліды да 18 гадоў і інваліды з дзяцінства, перадае БелаПАН.

Памеры сацыяльных пенсій вызначаюцца ў працэнтных адносінах да бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў залежнасці ад катэгорыі атрымальніка пенсіі. Так, напрыклад, сацыяльная пенсія для дзяцей-інвалідаў пры чацвертай ступені страты здароўя складае 85% бюджэту пражытачнага мінімуму (каля 233 тыс. рублёў), другой ступені — 65% бюджэту пражытачнага мінімуму (каля 178 тыс. рублёў). «Гэта акурат тыя пенсіі, якія не такія высокія, як хацелася б», — адзначыла намесніца міністра працы.

Разам з тым, Валянціна Каралёва адзначыла, што ў 2010 годзе захоўваецца тэндэнцыя паступальнага росту пенсій. Паводле рашэнняў прэзідэнта з 1 студзеня і з 1 жніўня 2010 года здзейснены пераразлікі працоўных пенсій, заснаваны на росце сярэдняй заработнай платы. Акрамя таго, у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму на працягу гэтага года тройчы (з 1 лютага, 1 траўня і 1 жніўня) павышалі мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, а таксама надбаўкі і павышэнні да пенсій. У выніку гэтых пераразлікаў пенсіі з пачатку 2010 года павялічыліся на 23,5%, перадае БелТА.

Мінпрацы: на выплаты пенсій ідзе 10% ВУП

«Апошнім часам выдаткі на фінансаванне пенсійных выплатаў складаюць каля 10% ВУП. У цэлым тэмпы росту пенсій супастаўныя з тэмпамі росту заработнай платы ў рэспубліцы, а суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы перавышае 40%. Пенсіі выплочваюцца своечасова і ў поўным аб’ёме», — адзначыла намесніца міністра.

Так, па інфармацыі Мінпрацы, сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў Беларусі ў цяперашні час складае 555 тыс. рублёў. У студзені-верасні 2010 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года сярэднямесячны памер пенсіі па ўзросце павялічыўся на 23,6% да 505,7 тыс. рублёў. Сярэднямесячны памер мінімальнай пенсіі па ўзросце за гэты перыяд павялічыўся на 18,3% і дасягнуў 274,8 тыс. рублёў.

Рэальны памер пенсіі па ўзросце, па ацэнцы экспертаў мінпрацы, павялічыцца на 13,3%. Суадносіны сярэднямесячнага памеру мінімальнай пенсіі па ўзросце і бюджэту пражытачнага мінімуму ў студзені-верасні раўняліся 117,1%.

Как вам новость?