Мінпрацы: заробкі бюджэтнікаў павысяцца з лістапада на 30%

29.09.2010 10:38
Архив Редакция

Рост тарыфнай стаўкі першага разраду ў Беларусі з 1 лістапада 2010 года дасць магчымасць павысіць заработную плату працаўнікам бюджэтнай сферы ў сярэднім на 30%, або ў абсалютным памеры на 135 тыс. рублёў. Заробак бюджэтнікаў, якія тарыфікуюцца з 1 па 12 разрад, перавысіць мінімальны спажывецкі бюджэт, што ўзмоцніць сацыяльную абароненасць такіх працаўнікоў, паведаміла міністр працы Беларусі Марыяна Шчоткіна.

Па словах кіраўніцы мінпрацы, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006-2010 гады прадугледжвала да канца 2010 года дасягнуць ўзроўню сярэднямесячнай заработнай платы ў цэлым па рэспубліцы каля 500 даляраў у эквіваленце, перадае БелТА.

«Для вырашэння пастаўленай задачы на працягу пяцігодкі праводзілася планамерная праца па павышэнні ўзроўню заработнай платы як працаўнікоў арганізацыяў рэальнага сектару эканомікі, так і арганізацыяў бюджэтнай сферы. Пры гэтым у рэальным сектары эканомікі гэтая задача вырашаецца за кошт мерапрыемстваў па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці, у тым ліку ў галіне аплаты працы, і павышэння эфектыўнасці гаспадарання камерцыйных арганізацыяў, а ў бюджэтнай сферы — за кошт павышэння памеру тарыфнай стаўкі першага разраду, а таксама акладаў асобных катэгорыяў працаўнікоў», — паведаміла міністр.

На працягу 2010 года павышэнне зарплаты ў бюджэтнай сферы ішло ў некалькі этапаў. На першым этапе тарыфная стаўка першага разраду была павышаная з 1 студзеня з 77 тыс. да 81 тыс. рублёў і з 1 чэрвеня — з 81 тыс. да 90 тыс. рублёў. З 1 верасня павышаны ўзровень аплаты працы нізкааплатных працаўнікоў, а таксама асобных катэгорыяў супрацоўнікаў сацыяльна-культурнай сферы. Другім этапам з’яўляецца павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду з 1 лістапада 2010 года.

Марыяна Шчоткіна падкрэсліла, што дзяржаўным мінімальным сацыяльным стандартам у галіне аплаты працы, якія забяспечваюць ў Беларусі сацыяльную абарону працаўнікоў у сферы працоўных адносін, з’яўляецца мінімальная заработная плата (МЗП). Па законе памеры МЗП штогод вызначае Саўмін.

Па словах міністра працы, з 1 студзеня 2010 года мінімальная заработная плата была ўстаноўлена ў памеры 258 тыс. рублёў. Памер МЗП з 1 студзеня 2010 года не змяняўся, а заробак на працягу года планамерна павышаўся (за жнівень ён склаў 1,28 млн. рублёў, або каля 430 даляраў). У сувязі з гэтым прыняты ўказ ад 27 верасня 2010 года № 490 «Аб устанаўленні на лістапад-снежань 2010 года памераў мінімальнай заработнай платы». У адпаведнасці з дакументам на лістапад-снежань усталёўваецца месячная мінімальная заработная плата ў памеры 400 тыс. рублёў, пагадзінная мінімальная заработная плата — у памеры 2,3 тыс. рублёў.

Как вам новость?
Головоломки