Урад павышае заробкі бюджэтнікаў на 13%

18.06.2010 09:07
Архив Редакция

У мэтах далейшага паэтапнага павышэння дабрабыту і ўзроўню жыцця насельніцтва, урад па ўзгадненні з прэзідэнтам прыняў пастанову № 925 ад 16 чэрвеня 2010 года аб павелічэнні з першага чэрвеня гэтага года тарыфнай стаўкі першага разраду. Па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, павышэнне тарыфнай стаўкі дазволіць павялічыць заработную плату ў бюджэтнай сферы ў сярэднім на 13%.

Тарыфная стаўка першага разраду, якая са студзеня гэтага года складала 81 тыс. рублёў, павялічана да 90 тыс. рублёў, перадае БелТА.

У першую чаргу зарплата павялічыцца ў нізкааплатных катэгорый работнікаў (прыбіральшчыца, вартаўнік, санітаркі і інш.) Гэта будзе дасягнута шляхам павелічэння памеру карэкціруючых каэфіцыентаў, якія выкарыстоўваюцца пры фармаванні іх заработнай платы. Так, напрыклад, у працаўнікоў, якія тарыфікуюцца 1-7 разрадамі, заробак павялічыцца ў сярэднім на 18%, а якія тарыфікуюцца 8 і 9 разрадамі, адпаведна на 16% і 15%.

Таксама праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2006-2010 гады прадугледжана, што намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата да канца 2010 года павінна скласці каля 500 даляраў.

Как вам новость?