Мінпрыроды: беларусы павінны больш плаціць за вываз смецця

01.12.2010 10:50
Архив Редакция

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь мае намер падрыхтаваць новую стратэгію для камунальнай службы па зборы бытавых адкідаў. «Праблема адна — народ плоціць нізкія кошты за вываз смецця. Трэба павышаць кошты, але мы да гэтага не гатовыя», — паведаміў кіраўнік мінпрыроды Уладзімір Цалко.

«Магчыма, для вырашэння праблемы неабходныя датацыі дзяржавы, ці мы знойдзем нейкія іншыя ўмовы, пры якіх фірмам будзе выгадна заняцца гэтым пытаннем», — адзначыў міністр, перадае БелаПАН.

Паводле яго слоў, да канца 2010 года ў Беларусі планавалася завяршыць будаўніцтва 11 смеццеперапрацоўчых заводаў, але ў названы тэрмін у строй атрымоўваецца ўвесці толькі чатыры прадпрыемствы. Астатнія прадпрыемствы, за выключэннем заводаў у Жодзіна, Барысаве і Бабруйску, будуць запушчаныя ў найбліжэйшыя гады.

Тым не менш, нават пасля ўводу ў строй 11 прадпрыемстваў, у Беларусі будуць перапрацоўваць толькі 30% адкідаў, у той час як у развітых краінах перапрацоўваюць да 90% адкідаў.

Как вам новость?