Мінпрыроды: беларусы змогуць удзельнічаць у расійскай праграме ўтылізацыі аўтахлуду

16.09.2010 12:27
Архив Редакция

Мінпрыроды Беларусі зацікавіла расійская дзяржпраграма ўтылізацыі патрыманых аўтамабіляў. «Мяркуючы па паведамленнях у прэсе, эфект дасягнуты — людзі актыўна здаюць старыя аўтамабілі, каб купіць новую машыну», — сказаў начальнік упраўлення абыходжання з адкідамі мінпрыроды Сяргей Кузьмянкоў. На думку чыноўніка, калі да гэтай праграмы падключыць беларускіх аўтамабілістаў, выйграюць абодва бакі.

«Плюсы відавочныя як для нашых спажыўцоў, так і для расійскіх заводаў, якія змогуць павялічыць продажы. Адзінае пытанне, хто будзе фінансаваць праграму для беларусаў. На нашу думку, мэтазгодна, каб фінансаванне ішло з саюзнага бюджэту. З такой прапановай мы выйшлі ва ўрад, атрымалі падтрымку. Наколькі я ведаю, ужо ёсць даручэнне міністэрствам прамысловасці і замежных спраў прапрацаваць усе дэталі», — цытуе Сяргея Кузьмянкова «Савецкая Беларусь».

Па расійскай праграме любы аўтаўладальнік можа прыгнаць ў дылерскі цэнтр машыну старэйшую за 10 гадоў, каб атрымаць за яе 50 тыс. расійскіх рублёў (1,6 тыс. даляраў). Гэтая сума пойдзе ў кошт куплі новага аўтамабіля расійскай вытворчасці. Вытворцу выдаткі кампенсуе дзяржава.

Пасля ўкаранення праграмы ўтылізацыі патрыманых аўтамабіляў істотна выраслі продажы ў расійскіх заводаў. Па статыстыцы, продажы «Лады» за восем месяцаў 2010 года павялічыліся амаль на трэць у параўнанні з такім жа перыядам 2009 года.

У Беларусі старыя машыны прыбяруць з вуліцаў

У Беларусі цяпер распрацоўваецца заканадаўчы акт па рэгуляванні ўтылізацыі старых легкавых аўтамабіляў. Згодна з праектам закону, які цяпер праходзіць узгадненне ў зацікаўленых міністэрствах, пры працяглым прастоі транспартнага сродку яго ўладальнік будзе абавязаны самастойна вывезці і здаць машыну ў «Другачормет».

Как вам новость?