МНС купіць помпавую станцыю для барацьбы з патопам

21.07.2010 12:15
Архив Редакция

Да канца 2010 года міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі плануе набыць для ліквідацыі наступстваў затаплення магутную помпавую станцыю, здольную адпампоўваць да 1,5 тыс. літраў вады за секунду. Пра гэта паведаміў кіраўнік МНС Энвер Барыеў.

Станцыя будзе ўнікальнай у сваім родзе. «Яна па нашым заданні будзе змантажавана на спецыяльным пантоне, то бок будзе плаваючай. Яе можна будзе перавозіць як на аўтатэхніцы, так і на знешняй падвесцы з выкарыстаннем верталёта», — растлумачыў міністр.

Выкарыстоўваць помпавую станцыю будуць толькі ў экстранных выпадках, паведамляе БелаПАН. Аднак сёлета таксама выдзяляць сродкі на закупку катараў і іншых тэхнічных сродкаў для барацьбы з наступствамі затаплення, рассказаў Энвер Барыеў.

Акрамя таго, каб пазбавіць Мінск ад падтапленняў падчас моцных дажджоў у цяперашні час ідзе будаўніцтва аварыйнага выпуску ліўневага калектара праз праспект Пераможцаў. Гэтая частка маштабнага праекту па будаўніцтве ліўневага калектара «Цэнтр».
 
Праспект будуць перакрываць паэтапна. «Паводле існых нарматываў на такія працы адводзіцца да 14 месяцаў. Будаўнікі плануюць зрабіць за чатыры, а рух па праспекце Пераможцаў будзе закрыты і таго менш — каля двух месяцаў», — патлумачыў намеснік кіраўніка па вытворчасці будтрэста № 15 «Спецбуду» Леанід Стухальскі.

«Будаўніцтва аварыйных выпускаў для скіду ліўневых водаў у Свіслач — мера вымушаная і часовая. Пасля таго як будзе поўнасцю завершана будаўніцтва калектара «Цэнтр» аварыйныя выпускі стануць служыць толькі своеасаблівай страхоўкай на выпадак вельмі моцнай злівы», — дадаў Леанід Стухальскі.

Па папярэдніх планах калектар «Цэнтр» увядуць у эксплуатацыю ў 2016 годзе, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

У цяперашні момант у сувязі з будаўніцтва калектара закрыты рух транспарту ад праспекта Машэрава да вуліцы Мельнікайтэ ў напрамку праспекта Незалежнасці. На час будаўніцтва грамадскі транспарт, па звестках «Мінсктрансу», будзе аб’язджаць закрыты ўчастак.

Как вам новость?