МНС Расіі: целы турыстаў з Беларусі хутка даставяць на радзіму

12.03.2010 09:49
Архив Редакция

Целы чацвярых беларускіх турыстаў, якія загінулі пад снежнай лавінай у горным масіве Лавазерскі, паднялі з-пад снегу і цяпер вырашаецца пытанне пра іх транспартаванне. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе галоўнага кіравання МНС Расіі па Мурманскай вобласці. У хуткім часе целы турыстаў даставяць на радзіму.

“Мяркуецца, целы будуць дастаўлены на снегаходах у сяло Лавозера, а адтуль — у мястэчка Рэўда, дзе пасля неабходных працэдур будзе прынята рашэнне пра транспартаванне рэштак у Беларусь“, — распавялі ў прэс-службе, перадае БелТА.

Па інфармацыі прэс-службы ўрада Мурманскай вобласці, усе выдаткі бяруць на сябе рэгіянальныя ўлады. Кіраўнік рэгіёна Дзмітрый Дзмітрыенка накіраваў спачуванні прэзідэнту Беларусі. Урад вобласці таксама выказаў спачуванні сваякам загінулых.

У абласным урадзе адзначылі, што ў выпадку з беларускімі турыстамі спрацаваў фатальны збег акалічнасцяў: адсутнасць сродкаў сувязі, пагодныя ўмовы, позні зварот па дапамогу. “Выратавальнікі кажуць, што ў месцах, дзе здарылася НЗ, лавіны сыходзілі апошні раз шмат гадоў назад, дагэтуль ахвяр на гэтых схілах не было. Аднак адмыслоўцы МНС усё ж папярэджвалі турыстаў пра вялікую скупнасць снегу ў Лавазерскіх тундрах і небяспеку сходу лавін“, — распавялі ва ўрадзе вобласці.

Урад вобласці таксама зрабіў высновы з трагедыі. У раёне, дзе загінулі турысты, няма мабільнай сувязі, і зараз улады маюць намер звярнуцца да аператараў мабільнай сувязі з просьбай вырашыць гэту праблему.

Што стала прычынай смерці турыстаў, вызначаць эксперты, пасля чаго магчыма завядзенне крымінальнай справы.

У сваю чаргу, прэс-сакратар пасольства Беларусі ў Расіі Віталь Сліўка паведаміў, што консульскія супрацоўнікі дыппрадстаўніцтва “будуць аказваць сваякам загінулых усю неабходную ў такіх выпадках дапамогу”.

Як раней паведамляў Тэлеграф, трэцяга сакавіка група беларускіх турыстаў у складзе шасці чалавек прыбыла ў перадгор’е Хібін Мурманскай вобласці. Група не зарэгістравалася ў Мурманскім пошукава-выратавальным атрадзе, як таго патрабуюць меры бяспекі.

Восьмага сакавіка а 14:30 у паказаным раёне зафіксавалі сход снежнай лавіны. У выніку пад снегам апынуліся чацвёра турыстаў, двое маладых людзей, Аляксандр Юрага і Дзмітрый Фамін здолелі выратавацца.

У галоўным кіраванні МНС паведамілі, што пошукавыя працы ўскладняліся дрэннымі ўмовамі надвор’я. Усе шасцёра з’яўляюцца жыхарамі Брэста, чацвёра загінулых: Карпеш Міхаіл 1981 года нараджэння, Трацынская Дар’я (1983), Траскевіч Яўген (1986) і Коўган Аляксандра (1987).

 

Как вам новость?