МНС само расследуе гібель чатырох пажарнікаў у Мінску

13.05.2010 12:43
Архив Редакция

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі пачало службовае расследаванне па факце гібелі чатырох выратавальнікаў падчас тушэння пажару на мінскім заводзе вылічальнай тэхнікі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.

«Натуральна, цяпер службовае расследаванне праходзіць. Але пра нейкія вынікі пакуль казаць рана», — цытуе «Еўрапейскае радыё для Беларусі» словы Віталя Навіцкага.
Жалобная цырымонія па загінулых пры выкананні службовага абавязку пажарніках пройдзе ў чацвер, 13 траўня, у мінскім гарадскім упраўленні МНС. Пасля гэтага загінулых выратавальнікаў пахаваюць на Кальварыйскіх могілках Мінску.
Як раней паведамляў Тэлеграф, паведамленне пра пажар на Заводзе вылічальнай тэхнікі па вуліцы Прытыцкага, 62 паступіла 11 траўня ў 09:05. Пры тушэнні пажару загінулі чацвёра выратавальнікаў: старэйшы сяржант унутранай службы Лёсік Вадзім Афанасьевіч (1977 года нараджэння), капітан унутранай службы Лоўдар Дзмітры Яўгенавіч (1975), старшына ўнутранай службы Мухін Андрэй Аляксандравіч (1969), старэйшы сяржант унутранай службы Сысой Юры Генадзевіч (1978).
Фрунзенскае РУУС сталіцы затрымала і ўзбудзіла крымінальная справу ў дачыненні да зваршчыка і майстра заводу, па віне якіх, як мяркуе следства, здарыўся пажар на складзе прадпрыемства.

Как вам новость?