Мінсельгас: кошты на прадукты ў Беларусі павышацца не будуць

15.10.2010 13:13
Архив Редакция

У Беларусі кошты на харчовыя прадукты ў найбліжэйшы час павышацца не будуць. Пра гэта 15 кастрычніка паведаміў намеснік міністра па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васіль Паўлоўскі. Паводле яго слоў, у краіне дастаткова харчавання для насельніцтва. "Ні бурнага, ні малога росту цэн не будзе", — запэўніў намеснік міністра.

«Хай асобныя «бунтары» не падымаюць вэрхалу, што ў нас чагосьці не хапае», — заявіў Васіль Паўлоўскі. Ён растлумачыў, што ў Беларусі ствараюцца стабілізацыйныя фонды. Іх закладку плануецца поўнасцю завяршыць у бліжэйшы тыдзень. «А маючы стабілізацыйныя фонды, хвалявацца аб недахопе прадукцыі на паліцах крамаў або на рынку не варта», — падкрэсліў Васіль Паўлоўскі.

Вытворчасць прадукцыі АПК у Беларусі за пяць гадоў павінна вырасці на 50%

Намеснік міністра па сельскай гаспадарцы і харчаванні таксама паведаміў, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў аб’ём вытворчасці прадукцыі аграпрамысловага комплексу Беларусі павінен вырасці на 50%. Васіль Паўлоўскі растлумачыў, што АПК штогод павінен прырастаць на 15-17%. Пры гэтым ставіцца задача не толькі нарошчваць вытворчасць прадукцыі, але і захоўваць якасць, а таксама прадаваць на знешнія рынкі не сыравіну, а перапрацаваную прадукцыю, перадае БелТА.

Акрамя таго, Васіль Паўлоўскі паведаміў, што істотную працу трэба будзе выканаць па ўладкаванні аграгарадкоў. Так, неабходна пашырыць сферу вытворчасці і аказання сацыяльных паслуг у аграгарадках, каб жыццё ў горадзе і на вёсцы істотна не адрознівалася, і людзі з задавальненнем ехалі жыць і працаваць на вёску, растлумачыў намеснік міністра.

Васіль Паўлоўскі таксама паведаміў, што ў гэтым годзе ў раслінаводстве ўдалося выканаць усе паказчыкі, акрамя вытворчасці лёну і бульбы. Разам з тым намеснік міністра адзначыў, што сёлета, па дадзеных на 11 кастрычніка, на экспарт было адпраўлена больш за 150 тыс. тон бульбы, у той час як летась — толькі 26 тыс. тон.

Как вам новость?
Головоломки