Мінсяльгасхарч просіць на засеўкі ў сціснутыя тэрміны мільярд даляраў

19.03.2010 16:24
Архив Редакция

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі заявіў, што на правядзенне ў Беларусі вясновых засевак у 2010 годзе неабходна 3,095 трлн. рублёў, ці ледзь больш за адзін мільярд даляраў. Намміністра падкрэсліў, што цяперашнія засеўкі абыйдуцца прыкладна на 190 млрд. рублёў даражэй.

Па словах Васіля Паўлоўскага, з дадзенай сумы каля 750 млрд. рублёў складае дэфіцыт бюджэтных сродкаў, у прыватнасці, неабходных на паліва і закуп угнаенняў. «Мы ўжо падрыхтавалі праект указу і папрасілі ўрад аказаць нам фінансавую падтрымку ў памеры 380 млрд. рублёў, неабходных на набыццё паліва. Апроч гэтага, рыхтуецца ўказ і пра вылучэнне падтрымкі ў 380 млрд. рублёў на закуп мінеральных угнаенняў у маі», — распавёў прадстаўнік міністэрства.

«Пастаўкі мінеральных угнаенняў айчыннымі прадпрыемствамі выконваюцца па графіку. У цэлым нам неабходна назапасіць 1,344 млн. тон мінеральных угнаенняў, на сённяшні дзень палова з гэтага аб’ёму ўжо ёсць», — падкрэсліў намміністра, паведамляе БелТА.

Мінсяльгасхарч абяцае правесці засеўкі ў сціснутыя тэрміны

Васіль Паўлоўскі заявіў, што вясновыя засеўкі ў Беларусі ў 2010 годзе пройдуць у сціснутыя тэрміны. «І калі раней вясновыя засеўкі праходзілі на працягу месяца, дык у цяперашнім годзе іх неабходна правесці за два-тры тыдні. У сувязі з гэтым гаспадаркам неабходна ўціснуцца і выкарыстоўваць усе свае рэсурсы», — адзначыў прадстаўнік міністэрства.

Што да падрыхтоўкі тэхнікі да засевак, дык, па словах намміністра, большасць машын прыведзена ў неабходную гатовасць. Васіль Паўлоўскі нагадаў, што сфармавана адмысловая кампутарная пошукавая сістэма, па якой гаспадаркі могуць на працягу дзвюх-чатырох гадзін знаходзіць для сябе патрэбныя запасныя часткі.

Мінсяльгасхарч рыхтуецца да фінансавага аздараўлення сельгаспрадпрыемстваў

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі падкрэсліў, што міністэрства рыхтуе канцэпцыю фінансавага аздараўлення сяльгаспрадпрыемстваў. Па словах Васіля Паўлоўскага, «урад паставіў перад намі гэту задачу, і мы над ёй працуем».

Што тычыцца рэнтабельнасці айчыннага раслінаводства, дык прадстаўнік мінсяльгасхарча паведаміў, што ўсе культуры, акрамя лёну, летась былі рэнтабельнымі. Рэнтабельнасць рапсу склала 19%, бульбы — 7%, збожжавых — 9-15%, цукровага бурака — 7%.

Как вам новость?
Головоломки