Мінскі бізнэсовец падмануў знаёмых на 300 млн. рублёў

20.07.2010 17:13
Архив Редакция

Следчы аддзел папярэдняга расследавання Цэнтральнага РУУС Мінска ўзбудзіў крымінальную справу па ч. 4 арт. 209 КК Беларусі (Махлярства ў асабліва буйным памеры) у дачыненні да 36-гадовага мінчука, які падмануў знаёмых на суму каля 300 млн. рублёў. "Бізнэсовец для папраўкі свайго фінансавага становішча пазычаў грошы ў сяброў і знаёмых. Паступова, відаць, ён увайшоў у гэтай справе ў смак", — распавяла прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Кацярына Лісоўская.

«Праблемы ў бізнэсе пачаліся яшчэ больш за два гады таму. Тады бізнэсовец папрасіў фінансавай падтрымкі ў памеры пяці тысяч даляраў у свайго добрага таварыша. Вяртанне грошай зацягнуўся ажно да цяперашняга часу, прычым, аддаваўся доўг таксама вельмі сумнеўным чынам», — адзначыла Кацярына Лісоўская.

Для гэтага прадпрымальнік ўзяў грошы ў крэдыт у адным з банкаў, нібыта, для развіцця бізнэсу. «Варта адзначыць, што крэдыт у суме 4,8 тыс. даляраў наш герой прадбачліва аформіў не на сябе, а на свайго сябра. Усімі праўдамі і няпраўдамі дзялец запэўніў апошняга ў сваёй плацежаздольнасці, пры гэтым прысягнуў своечасова пагашаць крэдыт. У выніку ўмелага маральнага ціску сябар пагадзіўся дапамагчы, ды і ў банку лішніх пытанняў не задавалі — там працавала жонка «бізнэсоўца». Зрэшты, банк сябру нагадаў пра сябе ўжо праз месяц, калі спатрэбілася ўнесці першы плацёж», — расказала супрацоўніца Цэнтральнага РУУС.

«Дарэчы, СМС з напамінам пра запазычанасці па крэдытным абавязальніцтве ён атрымаў, адпачываючы на адным з паўднёвых курортаў. Адразу ж, каб вырашыць непаразуменне, вырашыў звязацца з сапраўдным даўжніком, аднак пасля некалькіх няўдалых спробаў быў вымушаны звярнуцца з заявай у міліцыю», — адзначыла Кацярына Лісоўская.

«Характэрна, што падчас праверкі заявы праваахоўнікі высветлілі яшчэ некалькі займальных дэталяў з жыцця нашага бізнэсоўца. Аказалася, што на некалькі месяцаў раней ён так жа сама для развіцця бізнэсу пазычыў 50 тыс. еўра ў сям’і прадпрымальнікаў. Даведаўшыся, што яны выгадна прадалі аўтамашыну, і заручыўшыся станоўчымі рэкамендацыямі агульнага знаёмага, дзялец пазычае ўсю суму, абяцаючы праз месяц вярнуць з працэнтамі. У прызначаны дзень, спаслаўшыся на часовыя фінансавыя цяжкасці, вярнуў ўсяго шэсць тысяч, а на астатнюю суму напісаў распіску. А яшчэ праз месяц проста перастаў выходзіць на сувязь», — распавяла прэс-афіцэр.

Акрамя таго, за два месяцы да гэтага фінансіст падмануў яшчэ аднаго свайго прыяцеля. Паабяцаўшы яму правесці выгадную валютную канверсію, ён завалодаў дзесяццю тысячамі еўра. Пры гэтым узятыя на сябе фінансавыя абавязацельствы не выканаў і на сувязь не выходзіў.

У цяперашні час даўжнік затрыманы. Міліцыянты кажуць, што агульная сума шкоды (з улікам ваганняў валютнага курсу) складае каля 300 млн. рублёў. Следчыя высвятляюць, якімі фінансавымі сродкамі і матэрыяльнымі каштоўнасцямі валодае падазраваны ў махлярстве ў цяперашні час.

Как вам новость?