Мінск можа запатрабаваць экстрадыцыі Міхалевіча

23.03.2011 16:39
Архив Редакция

Генеральная пракуратура Беларусі не выключае таго, што запатрабуе ад чэшскіх уладаў экстрадыцыі экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, які на радзіме абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі 23 сакавіка генпракурор Беларусі Рыгор Васілевіч.

Паводле яго слоў, паколькі ў дачыненні да палітыка ўзбуджаная крымінальная справа, варыянт са зваротам да Чэхіі з запытам аб яго экстрадыцыі «хутчэй за ўсё, напрошваецца», перадае БелТА.

Тым часам, 23 сакавіка з’явілася інфармацыя аб тым, што ўжо 24 сакавіка чэшскія ўлады выдадуць Алесю Міхалевічу дакументы аб прадстаўленні яму палітычнага прытулку. Пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла беларуская служба Радыё «Свабода».

Як раней паведамляў Тэлеграф, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі таемна збег з краіны пасля таго, як яго выпусцілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Пасля стала вядома, што ён знаходзіцца ў Чэхіі. Таксама Алесь Міхалевіч заявіў, што ў ізалятары КДБ Беларусі да яго ўжываліся катаванні. У цяперашні час Генпракуратура праводзіць праверку па гэтым факце.