Мінскі суд адмовіў у змене Някляеву меры стрымання

06.01.2011 16:20
Архив Редакция

Суд Цэнтральнага раёна Мінску адхіліў скаргу адваката Уладзіміра Букштынава аб змене яго падабароннаму, экс-кандыдату ў прэзідэнты Уладзіміру Някляеву, меры стрымання. Судовае пасяджэнне прайшло 6 студзеня ў закрытым рэжыме.

Адвакат Някляева паведаміў журналістам, што прасіў даставіць на разгляд скаргі Уладзіміра Някляева, які ў цяперашні час знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, аднак гэтую просьбу не задаволілі, паведамляе БелаПАН.

Суд прыняў рашэнне меру стрымання Някляеву пакінуць ранейшай. Па словах адваката, галоўным матывам такога рашэння стала тое, што палітык абвінавачваецца ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства.

Ва Уладзіміра Букштынава ёсць адзін дзень на абскарджанне гэтага рашэння ў вышэйстаячай інстанцыі. «Я лічу прынятае судом Цэнтральнага раёна рашэнне аб адмове ў задавальненні маёй скаргі неабгрунтаваным і абавязкова абскарджу яго ў Мінскім гарадскім судзе», — заявіў адвакат.
 
Уладзімір Някляеў разам з іншымі шасцю экс-кандыдатамі абвінавачваецца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках (арт. 293 Крымінальнага кодэксу).

Как вам новость?