Мінскае "Дынама" аштрафавалі за нацысцкі банэр на рэкордную суму

07.05.2010 10:29
Архив Редакция

Дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі футбола аштрафаваў мінскае "Дынама" на рэкордную для Беларусі суму ў 245 млн. рублёў (каля 82 тыс. даляраў). Нагодай для такога пакарання паслужыў вывешаны фанатамі мінчукоў падчас матчу шостага тура з "Віцебскам" банэр з малюнкам Рудольфа Геса.

У той жа час, БФФ пакуль не валодае дакладнай інфармацыяй пра «канкрэтных арганізатараў» нацысцкай выхадкі фанатаў мінскага «Дынама», перадае БелаПАН. 
«Клуб абяцаў адзейнічаць праваахоўным органам у іх устанаўленні. Як толькі ў нас з’явяцца адпаведныя звесткі, мы іх разгледзім на сваім паседжанні», — сказаў старшыня дысцыплінарнага камітэта БФФ Уладзімір Вітушка.
Функцыянер таксама растлумачыў прычыны пераносу паседжання камітэта па гэтым пытанні з трэцяга на шостага траўня: «Падчас першага паседжання ў нас былі некаторыя пытанні, таму што ні інспектар матчу, ні суддзі яго не бачылі. Прыйшлося правесці дадатковую праверку. Да нас паступілі матэрыялы з міліцыі і газеты «Прэсбол». Таксама былі апытаны прадстаўнікі фан-клуба «Дынама». У выніку праведзенай працы было ўстаноўлена, што банэр сапраўды быў вывешаны падчас матчу». 
«Што тычыцца ацэнкі зместу, то банэр, прынамсі, нясе двухсэнсоўнасць, але можна сцвярджаць, што меў месца распаўсюд нацысцкай сімволікі і фашысцкіх ідэалаў, — адзначыў кіраўнік камітэта. — Пры прыняцці рашэння мы таксама ўлічылі той факт, што гэта быў не першы выпадак выкарыстання двухсэнсоўнай сімволікі на матчах «Дынама». Мы таксама ўлічылі цяжкасць здарэння, якое падпадае пад дзеянне нашага дысцыплінарнага кодэкса. Менавіта таму было прынята такое жорсткае рашэнне». 
Разам з тым, па словах Вітушкі, члены дысцыплінарнага камітэта прынялі да ўвагі гісторыю клуба і той факт, што каманда — здабытак усяго народа, і вырашылі не праводзіць матчы без заўзятараў. 
«Спадзяюся, гэта рашэнне паслужыць сур’ёзным папярэджаннем усім клубам і іх заўзятарам», — сказаў Вітушка. 
Кіраўніцтва «Дынама» не згоднае з вердыктам і будзе абскарджваць яго ў апеляцыйным камітэце БФФ. 

Как вам новость?
Головоломки