Мінскае "Дынама" пачало новы сезон у КХЛ з паразы

10.09.2010 09:51
Архив Редакция

Хакеісты мінскага "Дынама" з паражэння пачалі трэці чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі. У чацвер, 9 верасня, у "Мінск-Арэне" дынамаўцы саступілі ніжагародскаму "Тарпеда": "Дынама" (Мінск) — "Тарпеда" (Ніжні Ноўгарад) — 1:3 (0:0, 1:1, 0:2).

Шайбы: 0:1 — Лінгле (Веске, А. Каралёў, 28.27), 1:1 — Плат (М. Спірыдонаў, Глазачоў, 35.50), 1:2 — Варнакоў (Гру, 50.17), 1:3 — Патапаў (Валуйскі, 59.31, у меншасці, у пустыя вароты).

Кідкі: 29-27 (6-12, 16-06, 7-9).

Штраф: 8 (Петрашок — 4, Плат, А. Стась) — 12 (Яўсеенкаў, Е.Каралёў — 4, Элісан, камандны штраф — 4).

На 32-й хвіліне пасля прагляду відэапаўтору моманту суддзі не залічылі шайбу ў вароты мінчукоў, угледзеўшы гульню высокападнятай клюшкай з боку гасцей, паведамляе БелТА.

За паўтары хвіліны да заканчэння трэцяга перыяду настаўнік мінскага «Дынама» Марэк Сікора ўзяў тайм-аўт і замяніў галкіпера шостым палявым гульцом. Але адчайны штурм поспехам не ўвянчаўся, а госці ў контратацы павялічылі сваю перавагу да дзвюх шайбаў.

Сікора: я чакаў лепшага

Галоўны трэнер менскага «Дынама» Марэк Сікора пракаментаваў матч чэмпіянату КХЛ супраць Ніжагародскага «Тарпеда».

«Дрэнна прайграць першы матч дома пры такой колькасці заўзятараў, я чакаў лепшага. Раніцай на раскатцы бачыў хуткую каманду, увечары гэта ўсё кудысьці падзелася. Не ведаю куды і чаму, можа перагарэла. Гульцы баяліся ўзяць на сябе адказнасць, з добрых пазіцый рабілі дрэнныя. Але ўсё толькі пачынаецца, спадзяюся, у суботу будзем выглядаць лепш.

Хацеў нешта памяняць, ускалыхнуць каманду. Хаця стомы, паўтаруся, у ейных дзеяннях у апошнія дні не бачыў. Спадзяваўся, што Мялешка згуляе лепш, ён адзін з тых, хто можа забіць. Пасля другога перыяду сказаў хлопцам, што ўсё вырашыць адзін гол. Але калі наперадзе лятаюць ўтрох, церпіць дысцыпліна.

Высновы — справа заўтрашняга дня. Правядзем трэніроўку, сход, пагаворым з гульцамі… Звяно Штумпела? Усё яшчэ не вельмі», — прыводзіць словы трэнера «Прэсбол».

У праграме чэмпіянату КХЛ верасня 9 прайшлі яшчэ пяць матчаў:

«Амур» (Хабараўск) — «Сібір» (Новасібірск) — 2:5. Абаронца зборнай Беларусі Мікалай Стасенка, які выступае за «Амур», правёў на пляцоўцы 16 мін.21 сек. (19 змен), выканаў два кідкі ў створ брамы і завяршыў паядынак з паказчыкам карыснасці «0».

«Металург» (Магнітагорск) — «Аўтамабіліст» (Екацярынбург) — 2:0.

«Салават Юлаеў» (Уфа) — «Трактар» (Чэлябінск) — 7:2. Форвард зборнай Беларусі Канстанцін Кальцоў, які выступае за «Салават», у матчы удзелу не прымаў.

СКА (Санкт-Пецярбург) — «Дынама» (Рыга) — 4:5 (у авертайме).

ЦСКА (Масква) — «Спартак» (Масква) — 1:5.

Днём раней у матчы адкрыцця чэмпіянату КХЛ двухразовы ўладальнік Кубку Гагарына Казанскі «Ак Барс» саступіў маскоўскаму ОХК «Дынама» (1:3), у складзе якога выступае форвард зборнай Беларусі Аляксей Угараў.

Мінскае «Дынама» ў гэтым сезоне ўключана ў дывізіён Тарасава Заходняй канферэнцыі, дзе яго сапернікамі з’яўляюцца «Тарпеда» (Ніжні Ноўгарад), «Лакаматыў» (Яраслаўль), «Атлант» (Мыцішчы), «Віцязь» (Чэхаў) і «Северсталь» (Чарапавец). З гэтымі камандамі падапечныя Марэка Сікоры правядуць па чатыры матчы, а з астатнімі ўдзельнікамі КХЛ згуляюць па два разы. У канферэнцыю «Захад» таксама ўваходзіць дывізіён Усевалада Баброва, у якім выступяць маскоўскія клубы «Дынама», «Спартак» і ЦСКА, рыжскага «Дынама» і санкт-пецярбургскі СКА.

У канферэнцыю «Усход» уключаны дывізіён Валерыя Харламава — «Аўтамабіліст» (Екацярынбург), «Ак Барс», «Металург» (Магнітагорск), «Нафтахімік» (Ніжнякамск), «Трактар» (Чэлябінск) і дэбютант КХЛ «Югра» (Ханты-Мансійск), а таксама дывізіён Аркадзя Чарнышова — «Авангард» (Омск), «Амур» (Хабараўск), «Барыс» (Астана), «Металург» (Новокузнецк), «Салават Юлаеў» (Уфа) і «Сібір» (Новасібірск).

У плэй-оф выйдзе па восем найлепшых камандаў з кожнай канферэнцыі.

Наступны матч сталічнае «Дынама» правядзе 11 верасня на «Мінск-Арэне» супраць яраслаўскага «Лакаматыва». Пачатак у 17:00.

Как вам новость?
Головоломки