Мінскае "Дынама" падпісала дзесяць легіянераў і змяняе лагатып

27.05.2010 11:24
Архив Редакция

Мінскае "Дынама", што прадстаўляе Беларусь у чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі абвясціла пра падпісанне кантрактаў з 10 хакеістамі-легіянерамі. Пацвердзіліся практычна ўсе чуткі пра навабранцаў мінскага клубу, што цыркулявалі ў СМІ на працягу апошніх двух месяцаў. Таксама клуб вырашыў змяніць свой лагатып з зубром.

Як інфармуе афіцыйны сайт ХК «Дынама-Мінск», новы галоўны трэнер каманды чэх Марэк Сікора зрабіў свой выбар на карысць 32-гадовага амерыканца Роберта Эша ў якасці брамніка нумар 1. Раней ён выступаў у НХЛ за «Фінікс» і «Філадэльфію», затым выступаў за казанскі «Ак Барс», з якім у 2008 годзе выйграў Кантынентальны кубак, а два папярэднія гады гуляў за піцерскі СКА. У мінулым сезоне яго каманда заняла першае месца ў Заходняй канферэнцыі чэмпіянату КХЛ, але ў плэй-офф у першым жа раўндзе саступіла рыжскаму «Дынаму».
У рэгулярным чэмпіянаце КХЛ Роберт Эш адбіў 91,7% кідкоў па сваіх варотах і заняў 12-е месца ў лізе. У плэй-офф гэты паказчык раўняўся ў яго 91,0% — 14-я пазіцыя сярод 20 брамнікаў, якія гулялі ў накаўт-раўндзе.
З галкіперам зборнай Беларусі Андрэем Мезіным (90,2% адбітых кідкоў) мінскае «Дынама» кантракт не падоўжыла.
Кіраўніцтва «Дынама-Мінск» падзякавала Алегу Антоненку, Аляксандру Макрыцкаму і Андрэю Мезіну за ўнёсак у станаўленне каманды ў КХЛ і пажадала ім паспяховага працягу кар’еры. Плануецца, перад адной з дамашніх гульняў у новым сезоне адбудзецца ўшанаванне легендаў беларускага хакею, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё клубу.
Акрамя таго, каманду пакідае шведскі форвард Юнас Андэрсан, які з 6 шайбамі зрабіўся найлепшым снайперам зборнай Швецыі на мінулым чэмпіянаце свету і выйграў бронзавыя ўзнагароды сусветнага форуму. Расталася мінскае «Дынама» і з цэнтральным нападнікам зборнай Беларусі Сяргеем Задзялёнавым.
У той жа час, як і чакалася, каманду папоўняць лідары астанінскага «Барыса» расійцы Максім Спірыдонаў, Канстанцін Глазачоў і славак Ёзэф Штумпел.
Штумпел за мінулы сезон набраў па сістэме «гол+пас» 52 ачкі (13+39) у 54 матчах, а Спірыдонаў, закінуўшы 24 шайбы, стаў найлепшым снайперам каманды (50 (24+26) ачкоў у 56 гульнях рэгулярнага сезону, 3 шайбы ў 3 матчах плэй-офф). Паказчыкі Глазачова — 52 (28+24) ачкі ў 56 гульнях, а таксама 3 гала ў 3 матчах плэй-офф.
Таксама з «Барыса» пераходзіць канадскі нападнік Дэвід Неміроўскі (29 ачкоў у 47 матчах рэгулярнага чэмпіянату), а з чэшскага «Віткавіцэ» — форвард Марэк Квапіл, новаспечаны чэмпіён свету-2010. Праўда, на сусветным форуме ў 8 матчах ён не набраў ніводнага ачка і праводзіў усяго па 8 хв. 04 сек. у сярэднім за гульню. У чэшскай экстралізе ён 50 гульнях рэгулярнага чэмпіянату набраў 41 ачкоў (19+22), а ў плэй-офф набраў яшчэ 7 (5+2) балаў. Марэк таксама запомніўся беларускім заўзятарам як аўтар адной з шайбаў у вароты зборнай Беларусі ў травеньскім кантрольным матчы.
У шэрагі мінскага «Дынама» ўліецца таксама славацкі абаронца Петэр Подградскі з «Барыса», які набраў 30 (9+21) ачкоў у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ.
Мінскую каманду папоўняць таксама тры абаронцы, якія ў мінулым сезоне ўвайшлі ў лік самых дзейсных гульцоў абароны ў шведскай элітсерыі.
Давыд Петрашэк стаў чэмпіёнам Швецыі ў складзе ХВ-71 з Йенчэпінга. Акрамя таго, ён стаў лепшым бамбардзірам сярод абаронцаў лігі як у рэгулярным чэмпіянаце — 53 (15+38) ачкі ў 52 гульнях, так і ў плэй-офф — 11 (5+6) балаў у 16 сустрэчах.
Яшчэ адзін навабранец фін Хану Пікарайнен з МоДо (Эрншельдсвік) заняў трэцяе месца ў спісе бамбардзіраў-абаронцаў шведскай элітсерыі — 43 (11+32) балы ў 50 матчах рэгулярнага сезону, паказчык карыснасці «+19», і гэта пры тым, што яго каманда заняла толькі 9-е месца і не патрапіла ў плэй-офф.
Са шведскага «Лулеа» ў «Дынама» перабярэцца абаронца Юхан Франсан — 30 (11+19) ачкоў у 54 матчах рэгулярнага чэмпіянату.
Акрамя таго, мінскае «Дынама» падоўжыла дамовы з расійскім форвардам Дзянісам Качатковым, а таксама з сямю беларускімі гульцамі: абаронцамі Андрэем Антонавым, Дзмітрыкм Корабавым і нападнікамі Аляксандрам Кулаковым, Дзмітрыем Мялешкам, Андрэем Міхалёвым, Андрэем Стасем і Яраславам Чупрысам.
Былі праведзены перамовы і з форвардамі зборнай Беларусі, якія выступалі ў мінулым сезоне ў расійскіх клубах: Аляксеем Угаравым (МУС, Балашыха), Аляксей Калюжны («Дынама», Масква) і Сяргей Дзямагін («Нафтахімік», Ніжнекамск). У мінскім «Дынаме» не выключаюць, што хтосьці з іх папоўніць шэрагі каманды праз год, у сезоне-2011/12.
Напярэдадні новага сезону селекцыя клубу яшчэ не завершана, прапрацоўваюцца пытанні па запрашэнні яшчэ некалькіх легіянераў. Акрамя таго, галоўны трэнер Марэк Сікора мае намер прагледзець вялікую групу гульцоў з былога фарм-клубу мінчукоў салігорскага «Шахцёра», а таксама з юніёрскіх каманд на зборы, які пройдзе ў Мінску ў сярэдзіне ліпеня. Магчыма, па яго выніках у заяўку «Дынама-Мінск» увойдуць новыя гульцы з беларускім пашпартам.
На лагатыпе «Дынама» зноў з’явіцца літара «Д»
Мінскае «Дынама» абвясціла пра пачатак конкурсу на новы лагатып клубу, у аснову якога, па задуме кіраўніцтва каманды, павінна вярнуцца літара «Д», паведамляе «Спорт-Беларусь».
Як паведамляе прэс-служба клубу, разам з тым, кіраўніцтва БФСТ «Дынама», хакейнага клубу ўлічвае і новыя рэаліі. Упадабаны шматлікімі зубр — знак Беларусі — захавае сваю прысутнасць на форме галоўнай каманды, яе неафіцыйнай назве — «зубры». Плануецца, што новая «дынамаўская» каманда ў МХЛ атрымае назву «Мінскія зубры». 
Падрабязнасці пра конкурс можна пазнаць на афіцыйным сайце клубу. 
Конкурс падоўжыцца да 18:00 7 чэрвеня 2010 года. Пераможца конкурсу вызначыць спецыяльна створаная камісія акцыянераў клубу.
Удзельнікі конкурсу, якія занялі другое і трэцяе месца, атрымаюць памятныя прызы ад Хакейнага клубу «Дынама-Мінск».
Пераможца конкурсу атрымае ўзнагарода ў памеры двух мільёнаў беларускіх рублёў.

Как вам новость?