Мінская міліцыя пачала паляванне на кішэннікаў

30.07.2010 14:41
Архив Редакция

Мінская міліцыя пачала рэалізацыю дадатковых мер па актывізацыі працы па папярэджанні і раскрыцці кішэнных крадзяжоў. Для гэтага, у тым ліку, павялічаць колькасць спецыяльных аператыўна-пошукавых групаў, накіраваных на «адпрацоўку» найбольш крымінагенных маршрутаў грамадскага транспарту, гандлёвых аб'ектаў і іншых месцаў масавага скаплення грамадзянаў, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Пад асаблівы кантроль патрапяць мінчукі, раней судзімыя за здзяйсненне кішэнных крадзяжоў, перадусім тыя, што нядаўна вызваліліся з месцаў зняволення. Таксама мінскія аператыўнікі наладжваюць больш цеснае ўзаемадзеянне з калегамі з іншых рэгіёнаў Беларусі для атрымання і рэалізацыі інфармацыі аб кішэнніках-«гастралёрах».

Акрамя таго, праваахоўнікі нададуць вялікую ўвагу прафілактыцы злачынстваў, бо, як паведамілі ў ГУУС, «у бальшыні сваёй кішэнныя крадзяжы здзяйсняюцца менавіта праз элементарную няўважлівасць і бесклапотнасць». У грамадскіх месцах размесцяць аб’явы з інфармацыяй аб недапушчэнні кішэнных крадзяжоў, яе таксама будуць актыўна распаўсюджваць з дапамогай гучнагаварыльнікаў у грамадскім транспарце, гандлёвых залах, на прадпрыемствах, рынках. Мяркуецца таксама рассыланне абанентам асноўных аператараў мабільнай сувязі SMS-паведамленняў з адпаведнай інфармацыяй.

Як паведамілі ў міліцыі, за першую палову 2010 года з ліку ўсіх крымінальных злачынстваў у Мінску тры чвэрці складаюць крадзяжы маёмасці. 2,5 тыс. з іх прыпадаюць на кішэнныя крадзяжы, да якіх адносяцца не толькі крадзяжы непасрэдна з кішэняў адзення, але і крадзяжы з торбаў, партфеляў і іншай ручной паклажы. Найбольш востра гэтая праблема стаіць у Фрунзенскім, Маскоўскім, Кастрычніцкім і Завадскім раёнах горада. Часцей за ўсё злачынствы адбываюцца на рынках, у буйных гандлёвых цэнтрах, крамах, метро і іншым грамадскім транспарце, які рухаецца па вуліцах Арлоўскай, Багдановіча, Куйбышава, Прытыцкага, праспектах Пушкіна, Партызанскім.

У ГУУС адзначылі, што праблема кішэннікаў характэрная толькі для сталіцы. Па словах праваахоўнікаў, у Мінску здзяйсняюцца два з трох кішэнных крадзяжоў у краіне. У іншых рэгіёнах кішэнныя крадзяжы складаюць не больш за 4% ад агульнай колькасці маёмасных злачынстваў.

Как вам новость?
Головоломки