Мінскія ўлады і крамы заключылі пагадненне аб стрымліванні коштаў

19.05.2011 09:06
Архив Редакция

Мінгарвыканкам і мінскія крамы заключылі пагадненне аб стрымліванні росту раздробных цэн на спажывецкія тавары ў раздробнай гандлёвай сетцы. Пра гэта паведаміў сёння старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Пагадненне заключана паміж гарадскімі ўладамі і больш чым 20 суб'ектамі гаспадарання Мінску.

Стрымліваць рост коштаў абавязаліся гандлёвыя сеткі і буйныя гандлёвыя аб’екты, у тым ліку ГУМ, ЦУМ і ГД «На Нямізе». У дакуменце ўстаноўлены максімальны ўзровень гандлёвых надбавак па асобных групах спажывецкіх тавараў. Па дамоўленасці бакоў, гэты ўзровень не павінен быць перавышаны, паведамляе БелТА.

Па словах мэра, дзеянне пагаднення разлічана на 1,5-2 месяцы, да тых часоў, пакуль не стабілізуецца сітуацыя на спажывецкім рынку.

Мінскія ўлады перагледзяць планы па зносе прыватных дамоў

Мікалай Ладуцька таксама паведаміў дэпутатам, што Мінгарвыканкам перагледзіць планы датычна тэрыторый прыватнай жылой забудовы, якія раней вызначаліся для зносу. Уладальнікам дамоў, якія не будуць знесеныя на працягу 10 гадоў, дазволяць праводзіць рэканструкцыю нерухомасці, весці будаўніцтва на сваім участку.

Па словах мэра, гарадскія ўлады вырашылі змяніць падыходы да зносу прыватных дамоў, прыйшоўшы да высновы, што ў шэрагу выпадкаў гэта занадта затратна і эканамічна немэтазгодна. Таму на наступным тыдні Мінгарвыканкам перагледзіць планы перспектыўнай забудовы.

Мікалай Ладуцька запэўніў парламентарыяў, што «вялікая частка індывідуальнай забудовы ў бліжэйшыя 10 гадоў застанецца такой жа». Больш за тое, вызначыўшы дамы, якія не будуць знесеныя на працягу 10 гадоў, мэрыя дазволіць іх уладальнікам весці будаўніцтва, рэканструкцыю. Цяпер жыхарам так званай чырвонай зоны сталіцы гэта рабіць забаронена.

Разам з тым Мікалай Ладуцька падкрэсліў, што горад не мае намеру адмаўляцца ад зносу прыватных дамоў наогул. Там, дзе гэта спатрэбіцца для пракладкі дарог, будаўніцтва метро, транспартных развязак ці іншых грамадска значных мэтаў, рашэнне аб зносе індывідуальнай забудовы будзе прынята, заявіў ён.

Как вам новость?