Мінскія ўлады ўпершыню санкцыянавалі акцыю сэксменшасцяў

14.02.2011 10:43
Архив Редакция

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт упершыню дазволіў актывістам ЛГБТ-руху, які аб'ядноўвае прадстаўнікоў сэксменшасцяў, бісэксуалаў і трансгендарных людзей, правесці публічную акцыю супраць гамафобіі. Пра гэта паведаміў адзін з лідараў ЛГБТ-руху ў Беларусі Сяргей Андросенка. 

Акцыя запланаваная на 14 лютага і прымеркавана да Дня святога Валянціна, які адзначаецца ў многіх краінах свету як Дзень усіх закаханых. Арганізатары мінскай акцыі, каб пазбегнуць правакацыяў, вырашылі не выдаваць інфармацыю аб месцы і часе правядзення мерапрыемства.

Сяргей Андросенка падкрэсліў, што гарадскія ўлады ўпершыню дазволілі актывістам ЛГБТ-руху праводзіць падобнае публічнае мерапрыемства. «Акрамя Мінску спробы правядзення публічных мерапрыемстваў супраць гамафобіі раней рабіліся ў Гомелі і Мазыры, але безвынікова», — распавёў лідар руху.

Сяргей Андросенка лічыць, што санкцыянаванне падобнага мерапрыемства стане «новай датай у гісторыі беларускай гей-супольнасці». «14 лютага цяпер для нас будзе сапраўды Днём усіх закаханых. Мы вітаем рашэнне Мінгарвыканкама аб дазволе першага ЛГБТ-пікету ў Беларусі, хаця разумеем, што расслабляцца і мець ілжывыя ілюзіі з нагоды «адлігі» не варта. Але зараз у нас, вядома, значна больш надзеі на тое, што публічную акцыю Мінскага гей-прайда — 2011 можна будзе правесці ў чэрвені ў дазволеным фармаце», — заявіў лідар руху.

Між тым, арганізатарам акцыі забаранілі выкарыстоўваць вясёлкавы сцяг — міжнародны сімвал геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і трансгендараў. Прадстаўнікі ўладаў аргументавалі гэта тым, што дадзены сцяг не зарэгістраваны ў Беларусі ў якасці сімволікі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, прадстаўнікі сэксменшасцяў Беларусі ўжо спрабавалі правесці падобную публічную акцыю супраць гамафобіі. Так, 15 траўня актывісты ЛГБТ-руху спрабавалі правесці ў Мінску «Славянскі гей-прайд — 2010». Аднак мінская міліцыя разагнала ўдзельнікаў акцыі, а таксама затрымала семярых актывістаў. Затрыманых аштрафавалі на мінімальную суму ў памеры 17,5 тыс. рублёў (0,5 базавай велічыні) і вызваліўшы праз два дні пасля затрымання.

Как вам новость?