Мінскія ўлады вызначылі месца для перадвыбарнай агітацыі

16.11.2010 08:53
Архив Редакция

Мінгарвыканкам і Мінаблвыканкам вызначылі месцы, у якіх кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі і члены іх ініцыятыўных груп змогуць весці перадвыбарную агітацыю. У беларускай сталіцы пляцовак для агітацыі будзе 177. У іх лік увойдуць як памяшканні, дзе можна праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, так і пляцоўкі для перадвыбарных сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі.

З поўным спісам памяшканняў і пералікам пляцовак для перадвыбарнай агітацыі можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Мінгарвыканкама ў раздзеле «Нарматыўныя дакументы».

Сустрэчы можна арганізоўваць у актавых залах устаноў адукацыі, ЖЭСаў, дамоў культуры, бібліятэк, паведамляе БелаПАН. Месцам правядзення агітацыі стануць пляцоўкі каля кінатэатраў, крамаў, рынкаў, гандлёвых цэнтраў.

Інфармацыйныя стэнды для размяшчэння на іх інфармацыі аб кандыдатах у прэзідэнты можна ўсталёўваць на пляцоўках каля жылых дамоў, ЖЭСаў, крамаў, рынкаў. Таксама агітацыйныя матэрыялы можна размяшчаць на інфармацыйных стэндах жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый (у тым ліку на інфармацыйных стэндах, размешчаных каля ўваходных дзвярэй пад’ездаў жылых дамоў), інтэрнатаў, устаноў аховы здароўя.

Інфармацыя пра пляцоўкі для правядзення перадвыбарнай агітацыі ў Мінскай вобласці размешчана на сайтах райвыканкамаў, у раённых СМІ. У асноўным для правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў (сходаў, мітынгаў, пікетаў) з удзелам кандыдатаў у прэзідэнты і іх давераных асоб прапанаваны плошчы перад дамамі культуры, іншыя гарадскія плошчы, паркі культуры і адпачынку, стадыёны, перадае БелТА.

Арганізаваць сустрэчы з выбаршчыкамі прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта, іх прадстаўнікі могуць у цэнтрах культуры і вольнага часу, дамах культуры, клубах, кінатэатрах, актавых залах каледжаў і інш. Пляцоўкі і памяшканні вылучаныя як у райцэнтрах, так і ў сельскай мясцовасці.

Размяшчаць агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у прэзідэнты можна на інфармацыйных стэндах адміністрацыйных будынкаў, арганізацый гандлю і грамадскага харчавання, прадпрыемстваў, крамаў, гарадскіх дошках аб’яў і інфармацыйных тумбах на аўтобусных прыпынках і інш.

Как вам новость?
Головоломки