Мінскія ўлады забаранілі бой падушкамі ў гадавіну Грунвальдскай бітвы

13.07.2010 12:13
Архив Редакция

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адмовіў МГА «Гісторыка» ў правядзенні бою падушкамі, прымеркаванага да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Мерапрыемства планавалі правесці 15 ліпеня а 19:00 у Мнску на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Першапачаткова прадстаўнікі ўпраўлення культуры пры Мінгарвыканкаме і міністэрстве культуры станоўча ацанілі ідэю правядзення бою падушкамі. Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі ў рэкамендацыйным лісце падтрымаў правядзенне акцыі, ахарактарызаваўшы яе як «незвычайнае мерапрыемства з элементамі баёў з падушкамі», паведамляе «Беларускі партызан».

Тым не менш, мінскія ўлады заявілі, што «у сувязі з тым, што заява МГА «Гісторыка» аб правядзенні масавага мерапрыемства не адпавядае патрабаванням часткі 5 арт. 5 закона «Аб масавых мерапрыемствах», Мінгарвыканкам не дазваляе правядзенне мерапрыемства на пляцоўцы побач з будынкам Нацыянальнай бібліятэкі».

Па словах аднаго з арганізатараў мерапрыемства Андрэя Кіма, чыноўнікі не патлумачылі прычынаў адмовы. «У мінулым годзе два разы прайшло — і на Грунвальд, і на Оршу. Нават бітва пад Оршай была санкцыянаваная ўладамі, і цяпер мы ўжо мелі падтрымку аддзела культуры пры Мінгарвыканкаме і міністэрства культуры. Мы даслалі ўсе паперы, і тэксты выступленні, і ўсё, што магчыма. Але, нягледзячы на тое, што міністэрства культуры падтрымала, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт не падтрымаў нас», — заявіў Андрэй Кім, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Ён таксама дадаў, што яму незразумелы «ірацыянальны страх уладаў». «Але нягледзячы ні на што, асабіста я буду 15 ліпеня на запланаваным месцы правядзення «бою падушак». Спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа і свята пазітыву пройдзе без перашкодаў», — адзначыў арганізатар акцыі.

Першы ў Беларусі бой падушкамі прайшоў у Мінску без дазволу ўладаў 15 ліпеня 2009 года. Ён быў прымеркаваны да 599-й гадавіны перамогі аб’яднанага войска Вялікага княства Літоўскага і Польшчы над нямецкімі рыцарамі ў Грунвальдскай бітве. Другая бітва, ужо санкцыянаваная ўладамі, адбылася 8 верасня 2009 года ў гонар 495-годдзя Аршанскай бітвы, калі 30-тысячнае войска ВКЛ разграміла 80-тысячнае войска Маскоўскага княства. У мерапрыемстве ўдзельнічала каля 400 чалавек.