Мінскія міліцыянты затрымалі трох серыйных дамушнікаў

13.10.2010 15:49
Архив Редакция

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Мінскага РУУС затрымалі двух жыхароў Валожынскага раёна Мінскай вобласці, якіх падазраюць у здзяйсненні серыі крадзяжоў з катэджаў. Адначасова з гэтым у Мінску аператыўнікі ГУУС Мінгарвыканкама і Фрунзенскага РУУС затрымалі мінчука, які падазраецца ў здзяйсненні аналагічнага злачынства.

У дачыненні да першых затрыманых (1977 і 1983 года нараджэння) распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 205 КК Беларусі («крадзеж»). Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўжо выявілі, што ў верасні 2010 года мужчыны, раней судзімыя, здзейснілі, прынамсі, пяць крадзяжоў з катэджаў у пасёлках Ратамка і Хацежына, а таксама вёсцы Юхноўка Мінскага раёна, перадае БелТА.

Да здзяйснення злачынстваў мужчыны старанна рыхтаваліся: днём назіралі за дамамі, выбіралі катэдж, не абсталяваны ахоўнай сігналізацыяй, а непасрэдна крадзяжом займаліся ноччу. Разам з тым, як адзначаюць аператыўнікі, працавалі злодзеі груба: выломвалі замкі і выносілі ўсё што трапіць пад руку.

Адзначаецца, што злачынцы раней падзараблялі на будаўніцтве катэджаў у тых жа пасёлках, дзе пасля здзяйснялі крадзяжы. Выкрадзеныя рэчы мужчыны рэалізоўвалі на рынку ў Ждановічах. Паводле ацэнкі экспертаў, прыкладны кошт выкрадзенага па ўстаноўленых эпізодах склаў больш за дзесяць мільёнаў рублёў.

Кватэрны злодзей, затрыманы ў Мінску, таксама аказаўся судзімы. У 1996 годзе 36-гадовага мінчука асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі за аналагічнае злачынства. Супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што з чэрвеня па верасень 2010 года мужчына абрабаваў 11 кватэр у сталічным мікрараёне Сухарава, дзе пражываў і сам.

У кватэры мужчына пранікаў пераважна ўначы і выносіў дробную каштоўную маёмасць: грошы, ювелірныя вырабы, сувеніры, сотавыя тэлефоны, фотаапараты і падобнае. Частку выкрадзенага злачынец ужо паспеў прадаць, частку аператыўнікі выявілі ў яго дома. Затрыманага змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Міліцыя не выключае, што мужчына можа быць датычны да іншых крадзяжоў.

Как вам новость?