Мінскія паліклінікі пачалі кансультаваць праз інтэрнэт

31.03.2010 11:16
Архив Редакция

У Мінску 34-я цэнтральная раённая клінічная паліклініка пачала кансультаваць людзей праз інтэрнэт. Пра гэта паведаміў галоўны лекар установы Дзмітрый Шаўцоў. "Інтэрнэт-кансультацыі вельмі зручныя для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, паталогіямі слыху, голасу і маўлення", — сказаў Дзмітрый Шаўцоў.

Па словах галоўнага лекара, эфект ананімнасці таксама спрыяе людзям, якія хочуць задаць канфідэнцыйнае пытанне і саромеюцца ісці з ім на прыём да лекара. «Наведвальнікі сайта паліклінікі могуць задаць пытанне спецыялісту любога профіля. Адказ прыйдзе на працягу сутак», — цытуе БелТА словы Дзмітрыя Шаўцова.

«Інтэрнэт-кансультацыя — добры досвед, — адзначыў спецыяліст. — Калі мы адкрывалі сайт, дык разумелі, што няма сэнсу мець проста статычны сайт, а трэба глядзець наперад. Праца форума на сайце па часта задаваных пытаннях, замова талонаў праз інтэрнэт, стварэнне электроннай базы пацыентаў паліклінікі павялічваюць даступнасць меддапамогі людзям».

Па словах Дзмітрыя Шаўцова, у паліклініцы ўсталявана два ВК-тэлевізары. «З 08:00 да 20:00 яны паказваюць ролікі па здаровым ладзе жыцця, планаванні сям’і, прафілактыцы палавых інфекцый», — падкрэсліў галоўны лекар, дадаўшы, што кіраўніцтва паліклінікі таксама плануе арганізаваць уласныя відэаролікі з выступам медпрацаўнікоў.

За суправаджэнне і прасоўванне сайта паліклініка плаціць каля 200 тыс. рублёў у месяц, што, па меркаванні Дзмітрыя Шаўцова, несупастаўна з аздараўленчым эфектам. «Нароўні з вышэйзгаданымі паслугамі на сайце паліклінікі дзейнічае школа пацыента, лекары публікуюць матэрыялы па актуальных для здароўя тэмах», — распавёў галоўны лекар, адзначыўшы, што кіраўніцтва 34-й паліклінікі плануе прадставіць свой сайт на міжнароднай спецыялізаванай выставе «ТИБО-2010».

Как вам новость?
Головоломки