Мінскія школьнікі будуць ездзіць бясплатна па ўсім горадзе

16.03.2011 15:22
Архив Редакция

Мінскі гарадскі савет дэпутатаў 16 сакавіка на 7-й сэсіі прыняў рашэнне даць школьнікам права бясплатнага праезду па ўсім горадзе. Дадзенае рашэнне ўступіць у сілу пасля рэгістрацыі ў міністэрстве юстыцыі Беларусі.

Як распавяла першая намесніца старшыні камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля Праскурава, новая мера падтрымкі сталічных школьнікаў унесена дадатковым пунктам у праграму развіцця сацыяльнага абслугоўвання ў Мінску на 2011-2015 гады.

Мяркуецца, што бясплатны праезд не будзе мець часовых абмежаванняў: гэтым правам школьнікі змогуць скарыстацца ў выходныя дні, а таксама ўлетку. У найбліжэйшы час улады горада вызначаць форму дакумента, які прадстаўляе такое права, — гэта будзе праязны білет ці даведка з фатаздымкам, паведамляе БелТА.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, згодна з пастановай Саўміна Беларусі № 202 «Аб некаторых пытаннях праезду навучэнцаў» ад 16 лютага 2011 года меркавалася, што вучні беларускіх школ змогуць ездзіць бясплатна ў грамадскім транспарце выключна да месца вучобы i назад, прычым толькі з 1 верасня па 30 чэрвеня.

Выдаткі за бясплатны праезд школьнікаў будуць пакрываць за кошт уласных сродкаў арганізацыі, якія выконваюць перавозку як аўтамабільным, так і электрычным транспартам.

Как вам новость?