Мінсктранс: праезд у Мінску можа вырасці на 23%

22.02.2011 11:59
Архив Редакция

У Мінску праезд у грамадскім транспарце ў найбліжэйшы час можа падаражэць да 860 рублёў, або на 22,8%. У цяперашні момант гэтае пытанне разглядаюць у міністэрстве эканомікі Беларусі. Пра гэта 21 лютага заявіў генеральны дырэктар КТУП "Мінсктранс" Лявонці Папянок.

«Мы рабілі аналіз: у той жа Рызе, у Вільні праезд амаль у 7 разоў даражэйшы, чым у нас. Таксама калі глядзець у працэнтных суадносінах да заработнай платы ў сярэднім — вядома, у нас працэнт самы нізкі», — адзначыў чыноўнік.
 
Мінсктранс ў 2012 годзе плануе ўкараніць электронны праезд

Таксама Лявонці Папянок адзначыў, што ў 2012 годзе плануецца ўкараненне электроннага праязнога білета. Аднак для гэтага неабходна стварыць новую аўтаматызаваную сістэму дыспетчарскага кіравання (АСДК) гарадскім грамадскім транспартам пасродкам спадарожнікавай сістэмы навігацыі. Для гэтага кабіны кіроўцаў аўтобусаў, тралейбусаў і трамваеў абсталююць навігацыйнымі тэрміналамі МТВ-128, якія будуць звязаныя з арбітальнымі спадарожнікамі GPS, што дазволіць у рэжыме рэальнага часу адсочваць месцазнаходжанне транспартнага сродка, карэктаваць графік руху. На дадзены момант устаноўлена каля 1,8 тыс. навігацыйных комплексаў, яшчэ каля 2,5 тыс. усталююць у 2011 годзе, перадае БелТА.

Затым неабходна будзе ўсталяваць спецыяльныя прылады для счытвання інфармацыі з праязнога білета. Пакуль застаецца нявырашаным пытанне аплаты з дапамогай электроннай карткі разавага праезду. «Сёння мы шукаем выхад, як вырашыць гэтае пытанне. Калі знойдзем аптымальны варыянт па аплаце разавага праезду, сістэма электроннага праязнога будзе паспяхова ўкаранёная ў Мінску», — заявіў Лявонці Папянок.

Как вам новость?