Мінспорту: аб'ём турпаслуг у Беларусі за пяць гадоў вырас амаль у 13 разоў

16.02.2011 11:10
Архив Редакция

За апошнія пяць гадоў аб'ём турысцкіх і экскурсійных паслуг у рэспубліцы павялічыўся ў 12,8 раза. У 2010 годзе ён быў роўны 468,7 млрд. рублёў. Пра гэта 15 лютага ў Мінску на калегіі дэпартаменту па турызме Міністэрства спорту і турызму заявіла начальніца аддзелу планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці дэпартаменту Любоў Максімава.

Па дадзеных чыноўніцы, экспарт паслуг вырас за пяць гадоў у 6,8 раза і дасягнуў у 2010 годзе 146,7 млн. даляраў. Самымі паспяховымі ў развіцці туріндустрыі былі Мінская, Магілёўская і Гомельская вобласці, перадае БелаПАН.

Па словах Любові Максімавай, на сённяшні дзень у рэгіёнах краіны распрацавана больш за тысячу маршрутаў і экскурсій, больш за 400 маршрутаў з актыўнымі відамі перамяшчэння. У Беларусі ёсць 27 турыстычных зон, у 115 раёнах ёсць турпрадпрыемствы. У іх не ўваходзяць толькі Іўеўскі раён Гарадзенскай вобласці і чатыры раёны Гомельскай вобласці, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Прадстаўніца мінспорту паведаміла, што за апошнія пяць гадоў зроблены «сур’ёзны прарыў у галіне аздараўленчага турызму». Акрамя таго, як адзначыла Любоў Максімава, праведзена вялікая праца ў сферы развіцця экатурызму.

Аднак неабходна прыкладаць больш намаганняў для прыцягнення інвестыцый у турыстычную галіну, лічыць яна. Для гэтага прапануецца больш актыўна працаваць з міністэрствамі замежных спраў і эканомікі.

У Беларусі з’явіўся новы рэсурс онлайн-браніравання гатэляў

У Мінску 15 лютага турыстычная кампанія «Вакол свету» прэзентавала новы беларускі рэсурс онлайн-браніравання гатэляў Hotel.by. Мэтай яго адкрыцця з’яўляецца прасоўванне рэспублікі на сусветным рынку турпаслуг, а адной з прычын стварэння — хуткае развіццё онлайн-тэхналогій па браніраванню гатэляў, заявіла дырэктарка кампаніі Марына Кандрашова.

Намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга мяркуе, што сайт паспрыяе росту экспарту турыстычных паслуг. Ён заўважыў, што апошніх паўмесяца разглядаў чатыры ці пяць праектаў, якія прадугледжваюць онлайн-браніраванне гатэляў, а таму, магчыма, спатрэбіцца кансалідацыя падобных рэсурсаў.

Распрацуюць ўказ аб падтрымцы гасцінічнага бізнэсу ў раёнах

Мінспорту таксама збіраецца распрацаваць ўказ аб падтрымцы гасцінічнага бізнэсу на раённым узроўні. Чэслаў Шульга растлумачыў, што ў раёнах «утварылася правальная сітуацыя» ў пытанні размяшчэння турыстаў. Паводле ацэнак экспертаў, улетку попыт на такія паслугі задавальняецца на 30-35%. «Наяўныя ў раённых цэнтрах месцы адсоткаў на 40 загружаны рабочымі, камандзіровачнымі і да т.п., а для турыстаў месцаў застаецца вельмі мала», — сказаў намеснік міністра.

Ён дадаў, што таксама вырашаецца пытанне аб павелічэнні долі трохзоркавых гатэляў на абласным і рэспубліканскім узроўнях. У дадзены момант большасць гатэляў будуюць з разліку не менш чым на чатыры зоркі, у той час як турысты больш цікавяцца катэгорыяй тры зоркі.

У краіне працуе каля 300 гатэляў, большасці з іх патрабная мадэрнізацыя. «Мы прапрацоўваем пытанне з Дзяржкаммаёмасцю аб рэвізіі ўсіх гатэляў», — дадаў Чэслаў Шульга.

Как вам новость?
Головоломки