Мінспорту абяцае вывезці беларусаў з Егіпта да дня святога Валянціна

07.02.2011 14:42
Архив Редакция

Прэс-сакратар міністэрства спорту і турызму Беларусі Віталь Сямашка паведаміў, што практычна ўсе беларускія турысты вернуцца з Егіпта да 14 лютага. Паводле яго слоў, істотная частка турыстаў, што адпачывалі ў студзені ў Егіпце, альбо ўжо вярнулася, альбо знаходзіцца на паўдарогі дадому. Некаторыя тураператары ўжо вывезлі беларусаў з гэтай краіны, заявіў прэс-сакратар. 

Як распавяла вядучы спецыяліст камерцыйнай службы Нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» Людміла Прановіч, толькі за 5 лютага тая даставіла з Хургады ў Мінск 144 чалавекі. Яшчэ каля 145 чалавек вярнуліся ў Беларусь 6 лютага з Шарм-аль-Шэйха. Наступны рэйс «Белавія» мае намер здзейсніць у Егіпет 8 лютага, забраўшы яшчэ прыкладна 140 турыстаў, паведамляе БелТА.

Аднак, Віталь Сямашка адзначыў, што адна турфірма ўсё ж вырашыла адправіць беларускага турыста ў Егіпет. «Нягледзячы на тое, што мы рэкамендавалі гэтага не рабіць, турфірма паступіла па-свойму», — паведаміў прадстаўнік мінспорту.

Ён таксама рэкамендаваў у мэтах бяспекі ўстрымацца ад паездак у Егіпет, а тым, хто знаходзіцца ў гэтай краіне, — не пакідаць курортных зонаў і не ездзіць у буйныя гарады, у тым ліку Каір.

БХД: у Егіпце не павінен паўтарыцца іракскі сцэнар

Між тым з заявай аб падзеях у Егіпце 7 лютага выступіў аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». У БХД выказалі салідарнасць і падтрымку егіпецкаму народу, які «нягледзячы на тэрор з боку дзяржавы паўстаў супраць прэзідэнта Хосні Мубарака і створанага ім рэжыму».

У заяве адзначаецца, што на працягу 30-і гадоў, прыкрываючыся неабходнасцю барацьбы з ісламістамі, у краіне парушаліся не толькі грамадзянскія і эканамічныя правы простых егіпцян, але і рэлігійныя правы мясцовых хрысціянаў. «Ім было забаронена будаваць новыя храмы, ствараць палітычныя партыі і арганізацыі, якія б абаранялі іх правы. Да таго ж, як паказалі падзеі мінулага месяца, егіпецкія ўлады таксама былі няздольныя забяспечыць бяспеку хрысціянаў. Тады ў навагоднюю ноч у адной з цэркваў Александрыі адбыўся выбух, ахвярамі якога сталі больш за 20 чалавек», — адзначылі ў БХД.

Разам з тым, БХД заклікала ўсе бакі канфлікту ўстрымацца ад гвалту і прымянення сілы, выказаўшы пры гэтым занепакоенасць магчымым прыходам да ўлады прадстаўнікоў радыкальнай ісламскай арганізацыі «Браты-мусульмане», якая выступае за ўвядзенне нормаў шарыяту. У сувязі з гэтым беларускія хадэкі заклікалі «ўсю міжнародную супольнасць, дзейныя ўлады Егіпта і апазіцыю гарантаваць хрысціянам правы і свабоду, дазволіць ім будаваць новыя храмы, ствараць свае палітычныя арганізацыі, якія б рэальна маглі абараняць іх інтарэсы, а таксама спыніць усе перашкоды для місіянерскай дзейнасці як сярод хрысціянаў, так і нехрысціян».

«У Егіпце не павінен паўтарыцца Іракскі сцэнар, адкуль хрысціяне ў выніку пераследу вымушаныя масава эміграваць. Егіпет — гэта калыска хрысціянскай цывілізацыі: сюды ад Ірада ўцякала святая сям’я з немаўлём Ісусам, тут прапаведаваў апостал Марк, зарадзілася манаства, тварылі вялікія айцы ранняй адзінай Царквы. Таму знішчэнне хрысціянства ў Егіпце, яго забарона або пераслед будзе не толькі трагедыяй для асобных людзей, але і трагедыяй для ўсяго хрысціянства і ўсяго свету», — падкрэслілі ў БХД.

Як паведамляў Тэлеграф, у студзені ў Тунісе ўспыхнулі народныя пратэсты, у выніку якіх прэзідэнт, які кіраваў краінай больш як два дзесяцігоддзі, быў вымушаны схавацца за мяжой. У канцы студзеня хвалявання ахапілі Егіпет. Цяпер у Каіры тысячы людзей патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Хосні Мубарака, які знаходзіцца ва ўладзе каля 30 гадоў.

Как вам новость?
Головоломки