Міністэрства аховы здароўя: узровень радыяцыі ў Беларусі нармальны

15.03.2011 12:06
Архив Редакция

Паводле інфармацыі санітарна-эпідэміялагічнай службы беларускага міністэрства аховы здароўя, аварыі на АЭС у Японіі ніяк не паўплывалі на радыяцыйную абстаноўку ў Беларусі, а радыяцыйны фон знаходзіцца ў межах устаноўленых значэнняў. Міністэрства аховы здароўя адсочвае ўзровень радыенуклідаў у прадуктах харчавання, харчовай сыравіне і пітной вадзе.

У рэперных кропках (кропках, на якіх грунтуецца шкало вымярэнняў — Тэлеграф) цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі таксама кантралюецца магутнасць дозы гама-выпраменьвання па працоўных днях. Акрамя таго, з-за аварыі, якая адбылася на японскай атамнай электрастанцыі «Фукусима-1», гэты паказчык правяраюць і ў выходныя дні, паведамілі ў ведамстве. Так, у нядзелю, 13 сакавіка, магутнасць дозы гама-выпраменьвання ў Мінску і ўсходніх раёнах Віцебскай вобласці складала 0,10-0,12 мкЗв/г, ва ўсходніх раёнах Магілёўскай вобласці — 0,04-0,12 мкЗв/г, і гэта адпавядае натуральнаму гама-фону, які характэрны для дадзенай мясцовасці.

Спецыялісты праводзяць радыяцыйна-гігіенічны маніторынг ва ўсіх абласных цэнтрах і выбраных рэгіёнах у кожнай з абласцей — усяго на 34-ох кантрольных участках. Сюды ўваходзяць Браслаўскі, Шаркаўшчынскі, Мёрскі, і Талачынскі раёны Віцебскай вобласці, Глускі, Хоцімскі, Краснапольскі, Слаўгарадскі, Касцюковіцкі і Чэрыкаўскі раёны Магілёўскай вобласці, Астравецкі, Дзятлаўскі, Іўеўскі і Наваградскі раёны Гарадзенскай вобласці. У Гомельскай вобласці абследуюцца Брагінскі, Лельчыцкі, Нараўлянскі, Светлагорскі і Хойніцкі раёны, у Мінскай — Валожынскі, Салігорскі, Барысаўскі, Вілейскі і Бярэзінскі раёны, у Берасцейскай — Кобрынскі, Пінскі, Столінскі, і Лунінецкі раёны.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, 11 сакавіка на паўночным усходзе Японіі адбылося некалькі землятрусаў, якія, сярод іншых разбурэнняў, прывялі да аварый і збояў у працы на шэрагу японскіх АЭС. У выніку выбуху на АЭС «Фукусіма-1» радыяцыйны фон у раёне аварыі перавысіў дапушчальную норму.

Как вам новость?
Головоломки