Міністэрства аховы здароўя хоча забараніць продаж алкаголю асобам да 21 года
Міністэрства аховы здароўя Беларусі лічыць мэтазгодным ўвесці забарону на продаж алкаголю асобам да 21 года. Пра гэта расказаў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Аляксандраў. "Мы выступаем з ініцыятывай павысіць узрост, калі можна купляць алкаголь, да 21 года, — сказаў прадстаўнік ведамства. — Праект гэтага дакументу цяпер знаходзіцца на разглядзе і, я думаю, будзе прыняты".
Па словах галоўнага нарколага Міністэрства аховы здароўя, ведамства таксама ініцыюе ўстанаўленне абмежавання або забароны на рэкламу піва і слабаалкагольных напояў. «Мы лічым, што, калі нават такая рэклама не будзе забароненай цалкам, але максімальна абмежаванай, гэта ўжо дасць станоўчы эфект», — цытуе Аляксея Аляксандрава БелТА.
Пры гэтым прадстаўнік міністэрства адзначыў, што больш за палову рэкламнага часу ў вячэрнім эфіры займае рэклама піва і слабаалкагольных напояў. «Але ж у гэты час тэлевізар глядзяць і дзеці. Аналіз дадзеных навуковых даследаванняў паказаў, што ранняя алкагалізацыі дзяцей і моладзі наўпрост звязана з рэкламай у СМІ алкагольнай прадукцыі, перш за ўсё піва. Досвед жа шэрагу краінаў паказвае, што забарона або абмежаванне падобнай рэкламы станоўча адбіваецца на здароўі маладога пакалення», — канстатаваў Аляксей Аляксандраў.
«У барацьбе з алкагалізмам, у яго прафілактыцы вельмі важна ўзаемадзеянне самых розных структураў. Толькі дзякуючы такому супрацоўніцтву можна дамагчыся станоўчых вынікаў», — упэўнены прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.
Па словах галоўнага нарколага, ужо распрацавана канцэпцыя дзяржпраграмы па зніжэнні ўзроўню алкагалізацыі насельніцтва і пераадоленні яе негатыўных наступстваў для грамадства. Як паведаміў Аляксей Аляксандраў, дадзеную канцэпцыю ўжо ўнеслі на разгляд ва ўрад. «Думаю, што ў найбліжэйшы час яна будзе прынята, і мы пачнем распрацоўку праграмы», — падсумаваў Аляксей Аляксандраў.