Міністэрства аховы здароўя хоча знізіць норму ўтрымання алкаголю ў крыві кіроўцаў

09.07.2010 13:48
Архив Редакция

Міністэрства аховы здароўя Беларусі выступіла з ініцыятывай аб зніжэнні дапушчальнай нормы ўтрымання алкаголю ў крыві кіроўцаў да 0,3 праміле. Пра гэта паведаміў дзявятага ліпеня галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Аляксандраў. Па словах прадстаўніка міністэрства, дадзеную ініцыятыву ведамства таксама падтрымала міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

«У цяперашні час распрацоўваецца праект гэтага дакументу. Ён праходзіць узгадненне з усімі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі. Затым мы будзем выносіць нашу прапанову на разгляд урада», — цытуе Аляксея Аляксандрава БелТА.

У сваю чаргу, начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Раман Мельнік растлумачыў, што дзейная цяпер максімальна дапушчальная норма ўтрымання алкаголю ў крыві кіроўцаў у 0,5 праміле дастаткова высокая.

«У некаторых краінах дзейнічае норма ў 0 праміле, — адзначыў Раман Мельнік. — Цяпер мы чакаем адказу ад медыкаў, якія павінны паведаміць нам аб тым, ці змогуць яны вызначыць норму ў 0,3 праміле».