Міністэрства аховы здароўя: з пачатку года ніхто не памёр ад "свінога" грыпу

08.02.2011 12:47
Архив Редакция

Намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Алег Арнаутаў паведаміў, што з пачатку 2011 года беларускія медыкі не вылучаюць вірус AH1N1 (так званага "свінога" грыпу) сярод іншых вірусных інфекцый. Па словах прадстаўніка міністэрства, пандэмічны грып не страшнейшы за іншыя варыяцыі грыпу. У гэтым годзе ў Беларусі ні адзін чалавек не памёр ад гэтага віруса. 

«Ён («свіны» грып) лечыцца гэтак жа, як і іншы грып. Пытанне толькі ў тым, што гэта розныя антыгенныя структуры. Сёння ў нашай краіне каля 30% насельніцтва прышчэплены супраць гэтага ўзбуджальніка. Гэта азначае, што агрэсіўнасць гэтага ўзбуджальніка ў гэтым годзе будзе значна ніжэйшай, чым у мінулым годзе або ў іншыя гады. Таму не трэба палохаць насельніцтва. Сёння ад нашага страху нічога не залежыць. Трэба проста спакойна жыць і выконваць тыя рэкамендацыі, якія мы даем», — распавёў Алег Арнаутаў.

Між тым, паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, ахвярамі зімовай віруснай эпідэміі ўжо стала больш за 120 тыс. чалавек, з іх каля 25 тыс. хворыя на грып. З-за эпідэміі на каранцін прыйшлося закрыць каля 110 школ, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Намеснік міністра аховы здароўя таксама паведаміў, што медыкі гатовыя кожнага хворага з падазрэннем на пнеўманію неадкладна класці на лячэнне ў лякарню. «Усе асобы, у каго не выключаюць пнеўманію (ўскладненні пасля віруснай інфекцыі, альбо першасна ўзніклая пнеўманія), лечацца ў абавязковым парадку ў стацыянарных умовах. Ва ўстановах аховы здароўя распрацаваны планы па фармаванні рэзерву ложкавага фонду, перапрафіляванні ложкаў з магчымым разгортваннем палат інтэнсіўнай тэрапіі ў перапрафіляваных аддзяленнях, з магчымасцю падзелу шпіталізаваных хворых. У першую чаргу гэта тычыцца цяжарных жанчын», — паведаміў Алег Арнаутаў.

Між тым, як паведамілі ў міністэрстве аховы здароўя, на 7 лютага паказчык захворвання ВРІ перавысіў разліковы крытэр эпідэмічнага ўзроўню ва ўсіх кантрольных гарадах краіны, за выключэннем Маладзечна. Гэта адпавядае сярэдняй ступені інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу, растлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

У структуры хворых пераважае дзіцячае насельніцтва 58,7% ад агульнай колькасці хворых. Тым не менш, гэта на 4,9% ніжэй за паказчык папярэдняга тыдня. Паказчык захворвання сярод дзяцей склаў 7,8 тыс. чалавек на 100 тыс. насельніцтва, за тыдзень павялічыўшыся на 24,7% (у тым ліку сярод дзяцей ва ўзросце да 4 гадоў — на 12,1%, 5-14 гадоў — на 26 %, 15-17 гадоў — на 49,8%).

Дарослае насельніцтва ў структуры хворых складае 41,3%. Паказчык захворвання ВРІ ў дадзенай узроставай групе вырас на 53,3% у параўнанні з мінулым тыднем і склаў больш за 1,2 тыс. на 100 тыс. насельніцтва (у тым ліку сярод асоб 18-29 гадоў захворванне ВРІ павялічылася на 54,4%, 30-64 гадоў — на 53%, 65 гадоў і старэйшых — на 45,9%).

Як перадаваў Тэлеграф, раней прэс-сакратар міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна заяўляла, што беларускія медыкі ўжо выявілі некалькі выпадкаў захворванняў на «свіны» грып. Тым не менш, яна не падала дакладную інфармацыю аб тым, колькі такіх выпадкаў было зафіксавана і ў якіх гарадах.

Как вам новость?
Головоломки