Міністэрства аховы здароўя: заробак маладых спецыялістаў вельмі нізкі

24.08.2010 14:49
Архив Редакция

Міністэрства аховы здароўя Беларусі правяло аналіз фактычна налічанай сярэднемесячнай заработнай платы маладых спецыялістаў у медыцынскіх установах краіны. У выніку высветлілася, што заработная плата дадзенай катэгорыі медпрацаўнікоў па-ранейшаму вельмі нізкая.

Так, у Мінску ў 2009 годзе сярэднямесячны фактычны налічаны заробак пачаткоўца медыка склаў 830,2 тыс. рублёў, а за пяць месяцаў 2010 года — 914,2 тыс. рублёў. Па рэспубліцы (выбарачна па амбулаторна-паліклінічных і бальнічных арганізацыях) гэты паказчык склаў 846,2 тыс. рублёў і 915,9 тыс. рублёў адпаведна, паведамляе «Медыцынскі веснік».

Па словах начальніцы ўпраўлення планавання і эканомікі аховы здароўя Міністэрства аховы здароўя Алены Ткачовай, такі нізкі ўзровень заробку маладых медыцынскіх спецыялістаў можна растлумачыць, у тым ліку, і навучаннем у клінічнай ардынатуры і праходжаннем курсаў павышэння кваліфікацыі.

Для таго каб зарабіць больш, медыкам даводзіцца браць на сябе павышаную нагрузку, працуючы ў сярэднім на 1,3 стаўкі. Па рэспубліцы выяўлены шэраг выпадкаў парушэння працоўнага заканадаўства: працы больш чым на 1,5 стаўкі — у сувязі са заменай часова адсутных працаўнікоў, некамплетаванасцю штатаў (як правіла, лекараў-анэстэзіёлагаў-рэаніматолагаў).

Як раней перадаваў Тэлеграф, па дадзеных нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, у чэрвені 2010 года ў арганізацыях аховы здароўя сярэдні заробак склаў 990,4 тыс. рублёў: у лекараў — 1,6 млн. рублёў, у сярэдняга медперсанала — 984,3 тыс. рублёў. У ліпені ж рэальная налічаная зарплата (разлічаная з улікам росту спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі) у параўнанні з чэрвенем павялічылася на 3,6%.

Как вам новость?