Міністэрства эканомікі пералічыла беларускія манаполіі

02.02.2011 15:07
Архив Редакция

Міністэрства эканомікі Беларусі пералічыла арганізацыі-манапалістаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Як распавялі ў ведамстве, па стане на 1 студзеня 2011 года колькасць манапалістаў рэспубліканскага і мясцовага ўзроўняў у краіне склала 738 арганізацый (185 — рэспубліканскага, 553 — абласнога). 

У мінэканомікі адзначылі, што ўсе прадпрыемствы ўносяцца ў Дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча. «Дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча, — спіс фізічных і юрыдычных асобаў, іншых суб’ектаў грамадзянскага права, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і дамінуючых на рэспубліканскім і мясцовых таварных рынках па пэўным тавары», — растлумачылі ў міністэрстве.

Пры гэтым, паводле дадзеных мінэканомікі, у Мінску налічваецца 33 манапалісты, у Мінскай вобласці — 88. У Берасцейскай вобласці мінэканомікі налічыла 59 манапалістаў, у Віцебскай — 103, у Гомельскай — 70, у Гарадзенскай — 94, а ў Магілёўскай — 106.

«Факт дамінавання, вызначаецца ў адпаведнасці з Інструкцыяй па вызначэнні дамінуючага становішча гаспадарчых суб’ектаў на таварных рынках, зацверджанай пастановай Міністэрства эканомікі ад 17.10.2002 года № 229, а менавіта, калі велічыня долі на адпаведным таварным рынку перавышае гранічныя велічыні», — растлумачылі ў эканамічным ведамстве.

Пры гэтым у мінэканомікі адзначылі, што «у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам падставай для ўключэння гаспадарчага суб’екта ў Дзяржрэестр з’яўляецца ўсталяванне факту яго дамінавання на адпаведным таварным рынку».

Как вам новость?
Головоломки