Міністэрства інфармацыі закрыла Аўтарадыё за экстрэмізм

12.01.2011 15:31
Архив Редакция

12 студзеня спыніла сваё вяшчанне ў Беларусі радыёстанцыя Аўтарадыё. Па словах яе кіраўніцтва, рашэнне аб закрыцці вяшчання праз заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, якія гучалі ў эфіры Аўтарадыё, прыняў міністр інфармацыі, кіраўнік Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні Алег Праляскоўскі.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні рэдакцыі радыёстанцыі Аўтарадыё, тэкст якога прыводзіць «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:

«У эфіры радыёстанцыі Аўтарадыё у перыяд агітацыйнай кампаніі па выбарах прэзідэнта трансляваліся агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у прэзідэнты А. Саннікава і У. Някляева.

Размяшчэнне рабілася на падставе гаспадарчых дамоваў у наступныя тэрміны: агітацыйныя матэрыялы А. Саннікава 15-17 снежня 2010 года, агітацыйныя матэрыялы У. Някляева 9-17 снежня 2010 года.

За час размяшчэння агітацыйных матэрыялаў на адрас рэдакцыі Аўтарадыё не паступала заўваг з боку Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, таксама не было вынесена пісьмовых папярэджанняў ад Міністэрства інфармацыі.

12 студзеня 2011 года рэдакцыяй Аўтарадыё атрымана прадпісанне РУП «БелГІЭ» мінсувязі РБ аб спыненні дзеяння дазволу на права выкарыстання радыёчастотнага спектру і забароне на эксплуатацыю радыёэлектронных сродкаў. Загад вынесены на падставе рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні 188/11 ад 11 студзеня 2011 года за подпісам старшыні камісіі А. В. Праляскоўскага. Рашэнне камісіі анулюе права Аўтарадыё на наземнае эфірнае радыёвяшчанне ў сувязі з невыкананнем Аўтарадыё творчай канцэпцыі і распаўсюджваннем у эфіры інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. Канкрэтнай інфармацыі пра тое, у чым выяўляецца невыкананне канцэпцыі або як былі выяўленыя заклікі, у рашэнні няма. У агітацыйных матэрыялах А. Саннікава змяшчалася фраза «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».

З 12:40 12 студзеня 2011 года эфірны выпуск Аўтарадыё спынены. Рэдакцыя Аўтарадыё будзе аспрэчваць ў судовым парадку прынятае камісіяй рашэнне».

Как вам новость?
Головоломки