Міністэрства здароўя дамовілася з вытворцамі аб стрымліванні коштаў на лекі

24.05.2010 11:19
Архив Редакция

Міністэрства аховы здароўя Беларусі прапанавала вытворцам лекаў падпісаць новы мемарандум аб стрымліванні коштаў, які будзе дзейнічаць да канца 2011 года. Папярэдняя падобная дамова дзейнічала на працягу года і была падпісана 65 вытворцамі.

Міністэрства аховы здароўя разлічвае, што новую дамову падпішуць больш як 80 вытворцаў, перадае «Комсомольская правда в Белоруссии». Умовы мемарандуму такія: вытворцы лекаў замарозяць на два гады кошты ў валюце — далярах ці еўра. А калі паўстане неабходнасць павялічыць кошты — будуць дасылаць міністэрству абгрунтаванне такога кроку.
«Мы ў сваю чаргу гатовыя не павялічваць кошт на рэгістрацыю лекавых сродкаў, гатовыя разгледзець і іншыя прапановы, адзін з варыянтаў — адмена ўвазной мытнай пошліны на лекі», — заявіў міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко на сустрэчы з вытворцамі.
Па словах кіраўніка міністэрства, кошты на лекі выраслі за год да 40%, хаця даляр змяніўся менш. Астатняепавышэнне звязана са зменамі адпускнога кошту заводу-вытворцы.
«Асобны тэкст мемарандуму — для айчынных вытворцаў. Мы не даем, так бы мовіць, дабро на павышэнне коштаў і айчынным вытворцам, — паведаміў Васіль Жарко. — Наступную нараду правядзем у чэрвені з кіраўніцтвам аптэк усіх формаў уласнасці. Мы хочам звярнуцца да іх, каб яны ўжывалі мінімальную ці сярэднюю гандлёвую нацэнку, якая дазваляе стрымліваць адпускныя кошты на лекі».

Как вам новость?
Головоломки