Мінтранс: у Беларусі не прызямляўся самалёт з Бакіевым на борце

17.04.2010 16:54
Архив Редакция

Дырэктар дэпартамента па авіяцыі міністэрства транспарту Беларусі Вадзім Мельнік заявіў журналістам пра тое, што ў Беларусі не прызямляўся самалёт з Кыргызтана з экс-прэзідэнтам Курманбекам Бакіевым. На пытанне ці мог экс-прэзідэнт Кыргызтана прыляцець звычайным рэйсам, кіраўнік дэпартамента па авіяцыі адказаў, што "такая верагоднасць ёсць, але ніводная авіякампанія не заявіла пра гэта".

Па словах Вадзіма Мельніка, за апошнія чатыры дня «не было самалётаў ні з Казахстана, ні з Кыргызтана, ні з іншых краін Азіі». «Таму казаць пра тое, што да нас прыляцеў экс-прэзідэнт Кыргызтана Бакіеў прынамсі смешна», — цытуе БелТА словы начальніка дэпартамента па авіяцыі.

Вадзім Мельнік таксама падкрэсліў, што ў сувязі з воблакам вулканічнага попелу палёты цяпер абмежаваныя. «Еўропа зачыненая, а мы пакуль лятаем на невялікіх вышынях толькі на ўсход», — сказаў ён.

У Нацыянальным аэрапорце «Мінск» таксама паінфармавалі пра тое, што самалёт з Курманбекам Бакіевым  у аэрапорце не прызямляўся. Больш за тое, па словах супрацоўнікаў аэрапорта, самалёт з Казахстана ў Мінску не чакаюць.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў таксама заявіў пра тое, што экс-прэзідэнт Кыргызтана не прылятаў у краіну. «Сярод пасажыраў «Белавія», якія прыляцелі з Масквы, пасажыраў з такім прозвішчам не было», — сказаў гендырэктар.

Адказваючы на пытанне журналістаў пра тое, ці чакаецца, што Курманбек Бакіеў прыляціць у Беларусь хуткім часам, Анатоль Гусараў сказаў, што такой інфармацыі ў яго няма. «У спісах пасажыраў, якія забранявалі квіткі, такога прозвішча таксама няма», — удакладніў гендырэктар «Белавія».

ДПК: Бакіеў не перасякаў мяжу Беларусі

У сваю чаргу, як паведаміў начальнік прэс-цэнтра Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка, Курманбек Бакіеў не толькі «не прылятаў у Беларусь, але і не перасякаў мяжу якім-небудзь іншым чынам».

Як раней паведамляў Тэлеграф, інфармаваная крыніца паведаміла СМІ пра тое, што экс-прэзідэнт Кыргызтана Курманбек Бакіеў 17 красавіка раніцай выляцеў на самалёце з Тараза (адміністрацыйны цэнтр Жамбылскай вобласці Казахстана) у Беларусь.

«Бакіеў, па нашай інфармацыі, ужо выляцеў з Тараза і накіроўваецца ў Мінск. Прыкладна праз гадзіну яго чакаюць у сталіцы Беларусі», — сказаў суразмоўца агенцтва «Интерфакс-Казахстан».

У адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі заявілі, што не валодаюць інфармацыяй пра пералёт зрынутага кіраўніка Кыргызтана ў Беларусь.

Как вам новость?
Головоломки