МінЖКГ: у Беларусі зробіцца прасцей высяляць неплацельшчыкаў

14.07.2010 16:08
Архив Редакция

На разгляд у Палату прадстаўнікоў паступіў праект новага Жыллёвага кодэксу Беларусі, які пашырае магчымасці для высялення злосных неплацельшчыкаў. Пра гэта 14 ліпеня паведаміла начальніца юрыдычнага аддзелу Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля Качан.

Па словах прадстаўніцы міністэрства ЖКГ, сярод галоўных навацый праекту — пашырэнне магчымасцяў для высялення з фонду прыватнага жылля злосных неплацельшчыкаў. «У цяперашні час у Беларусі востра стаіць пытанне па запазычанасці за паслугі ЖКГ, што вымусіла ўзмацніць жорсткасць мераў адказнасці за іх няўплату», — адзначыла Наталля Качан, перадае БелТА.

«Улічваючы, што 87% жылога фонду нашай краіны — гэта прыватнае жыллё і ў дзейным Жыллёвым кодэксе не прадугледжана магчымасць высялення ўласнікаў такіх памяшканняў, спатрэбілася ўнесці папраўкі ў праект новага Жыллёвага кодэксу. Ён уключае іншы механізм высялення ўласнікаў прыватнага жылога фонду», — расказала начальніца юрыдычнага аддзелу міністэрства ЖКГ.

У выпадку ўзнікнення запазычанасці ўласніку спачатку дадуць час на яе пагашэнне, сказала прадстаўніца ведамства. «Калі гэтага не адбудзецца, мясцовыя органы ўлады змогуць, звярнуўшыся ў суд, прадаць кватэру з аўкцыёну, з выгандляванай сумы пагасіць запазычанасць, а астатнія сродкі вярнуць уладальніку», — адзначыла Наталля Качан.

Па словах Наталлі Качан, у новым праекце таксама прапісаная новая працэдура прымусовага абмену жыллём з грамадзянамі, што стаяць на чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. «Напрыклад, калі неплацельшчык адзін пражывае ў трохпакаёвай кватэры, яго могуць прымусіць абмяняцца з сям’ёй, якая патрабуе паляпшэння жыллёвых умоваў і жыве ў аднапакаёвай кватэры, без выплаты кампенсацыі», — канстатавала Наталля Качан.