Моладзь прапанавала свой закон аб альтэрнатыўнай службе

09.07.2010 15:28
Архив Редакция

Моладзевыя арганізацыі, у ліку якіх "Грамадзянскі форум", "Маладыя дэмакраты", "Рух будучыні" і "Малады фронт", а таксама праваабарончыя арганізацыі выказалі свае прапановы аб альтэрнатыўнай службе ўрадавай міжведамаснай групе, якая распрацоўвае адпаведны закон.

Згодна з прапанаваным законам, замест службы ў войску прызыўнік будзе працаваць у медыцынскіх, экалагічных, сацыяльных установах краіны. Падчас альтэрнатыўнай службы прызыўнік будзе атрымліваць заробак і прэміі, а ўвесь тэрмін ўключаць ў працоўны стаж.

Моладзевыя актывісты лічаць, што тэрмін альтэрнатыўнай службы не павінен перавышаць 27 месяцаў, а для прызыўнікоў з вышэйшай адукацыяй — паўтара гады.

Служба ў арганізацыях, дзейнасць якіх звязана з сацыяльнай абаронай, аховай здароўя, абаронай навакольнага асяроддзя, адукацыяй, дабрачыннасцю, на думку маладых людзей, дапаможа дзяржаве надаваць больш увагі гэтаму сектару, лічаць аўтары праекту закона, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Моладзевыя актывісты правялі незалежны маніторынг, для таго каб высветліць, ці будуць запатрабаваныя прызыўнікі-альтэрнатыўшчыкі. З такім пытаннем яны разаслалі лісты дзвюм тысячам устаноў медыцынскай і сацыяльнай сферы. З іх больш за 60 адказалі станоўча.

«Я лічу, што гэтая лічба нармальная для краіны, дзе ідэя альтэрнатыўнай службы абсалютна новая. Некаторыя прадпрыемствы ўважліва пачыталі, падумалі, вырашылі, што ім гэта патрэбна. А хтосьці проста зрабіў адпіску, паглядзеў наверх, і напісаў, што не трэба» , — сказаў лідар «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч.

Дыянаў: Камісіі павінны ўлічваць пажаданні прызыўнікоў

Моладзевыя арганізацыі таксама выказваюць пажаданне аб тым, каб на альтэрнатыўную службу камісіі заклікалі юнакоў, улічваючы як іх стан здароўя, адукацыю, так і іх уласнае жаданне.

«Усе мы розныя, са сваімі абставінамі, і гэта трэба ўлічваць. У тым ліку, асабістыя пажаданні — гэта вельмі важны фактар. Калі нехта не хоча, скажам, у хоспісе працаваць, не варта яго прымушаць працаваць менавіта там», — адзначае прадстаўнік «Руху будучыні» Вячаслаў Дыянаў.

Нягледзячы на тое, што права грамадзяніна на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай прадугледжвае артыкул 57 Канстытуцыі Беларусі, самога закону, які б рэгламентаваў альтэрнатыўную службу, пакуль не існуе.

Першага верасня ўрад плануе прадставіць на абмеркаванне парламенту праект закону аб альтэрнатыўнай службе. Чакаецца, што ў верасні-кастрычніку пройдзе міжнародная экспертыза закону пад эгідай АБСЕ.

Как вам новость?
Головоломки