Moody's: Беларусі пагражае расійскі фінансавы крызіс 2008-2009 гадоў

05.04.2011 09:01
Архив

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's 4 красавік панізіла доўгатэрміновыя рэйтынгі дэпазітаў у замежнай валюце з ўзроўню B2 да B3 шасці беларускіх банкаў: "Беларусбанка", "Белаграпрамбанка", "Белінвестбанка", "Белпрамбудбанка", "Банка Масква-Мінск" і "Мінскага транзітнага банка" . Акрамя таго, эксперты агенцтва мяркуюць, што ў Беларусі праз праблемы з дэвальвацыяй могуць паўтарыцца падзеі, аналагічныя расійскаму фінансаваму крызісу 2008-2009 гадоў.

Як адзначаюць спецыялісты агенцтва, дэвальвацыя ў Беларусі негатыўна адбіваецца на працы большасці беларускіх банкаў у крэдытнай сферы, бо траціну крэдытаў банкі выдаюць у замежнай валюце. «Слабая нацыянальная валюта таксама ўводзіць рызыку ліквіднасці для банкаў, бо некаторыя ўклады, верагодна, могуць выйсці з банкаўскай сістэмы», — кажуць эксперты Moody’s.

Аналагічны сцэнар адбыўся ў Расіі ў 2008-2009 гадах пасля дэвальвацыі расійскага рубля на фоне эканамічных праблемаў, нагадвае агенцтва. Як толькі расійскія банкі спынілі крэдытаванне, суадносіны праблемных крэдытаў падскочылі да 20% з 5% за два кварталы. «Такое развіццё падзей магчыма ў Беларусі, дзе ў канцы 2010 года каэфіцыент праблемных крэдытаў быў на ўзроўні 2%», — кажуць эксперты.

Праз праблемы дэвальвацыі буйныя беларускія банкі страцілі 3-4% ад раздробных дэпазітаў у мясцовай валюце ў сакавіку, і гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца, калі страх перад дэвальвацыяй захаваецца, гавораць спецыялісты.

Паводле звестак Міжнароднага валютнага фонду, 10-працэнтнай дэвальвацыі не можа быць дастаткова для выпраўлення эканамічнай сітуацыі. У той час як дэпазіты ў замежнай валюце застаюцца адносна стабільнымі, сітуацыя можа змяніцца, калі насельніцтва убачыць дадатковыя рызыкі ў банках. Што тычыцца расійскага крызісу, многія банкі страцілі ў канцы 2008 года 10% дэпазітаў.
 
Асноўнае адрозненне з сітуацыяй у Расіі палягае на тым, што там «была ўцёчка капіталу з прыватных банкаў у кірунку дзяржаўных банкаў», а ў Беларусі, аднак, большасць укладаў ўжо ў дзяржаўных банках, што прадугледжвае крыху большую стабільнасць дэпазітаў у параўнанні з Расіяй.

Акрамя таго, агенцтва Moody’s таксама панізіла рэйтынг дэпазітаў у нацвалюце трох дзяржаўных банкаў — «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк», «Белінвестбанк» — да ўзроўню B2 з B1 і прыватнага банка «Масква-Мінск» да ўзроўню Ba3 з B1. Разам з тым агенцтва пацвердзіла рэйтынгі ў мясцовай валюце «Белпрамбудбанка» на ўзроўні Ba3 і МТБ на ўзроўні B2.
 
Фінансавы крызіс 2008-2010 гадоў у Расіі як частка сусветнага фінансавага крызісу сталі магчымымі, на думку памочніка прэзідэнта Расіі Аркадзя Дварковіча, праз інтэграцыю расійскай эканомікі ў сусветную эканоміку, калі «любая падзея за мяжой аказвае ўплыў на кошт расійскіх аблігацый і акцый, на ліквіднасць, прыбыткі грамадзян і рост эканомікі».