Імпарт украінскага піва адновіцца пасля падпісання коштавых пагадненняў

18.01.2011 11:06
Архив Редакция

Імпарт украінскага піва ў Беларусь адновіцца пасля падпісання коштавых пагадненняў. Пра гэта паведамілі ў канцэрне "Белдзяржхарчпрам". Як распавялі ў канцэрне, як толькі ўкраінскія пастаўшчыкі піва падпішуць цэнавыя пагадненні, ім будуць выдадзены ліцэнзіі на імпарт.

Пры гэтым у «Белдзяржхарчпраме» адзначылі, што згодна з пастановай Савета Міністраў Беларусі № 1860 ад 21 снежня 2010 года, імпарт у Беларусь ўкраінскага соладавага піва да 31 снежня 2012 года павінен ажыццяўляцца па разавых ліцэнзіях, якія выдаюцца міністэрствам гандлю па ўзгадненні з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам» . «Для атрымання ліцэнзіі ўкраінскія півавары павінны ўзгадніць з канцэрнам мінімальныя цэны», — дадалі ў «Белдзяржхарчпраме».

«Мэта новаўвядзення — паставіць беларускіх і замежных вытворцаў у роўныя ўмовы і не дапусціць ўвоз імпартнага піва па коштах ніжэйшых за айчынныя», — растлумачылі ў канцэрне. У «Белдзяржхарчпраме» таксама паведамілі, што «перамовы па гэтым пытанні ўжо даюць свае вынікі — на 17 студзеня 2011 цэнавыя пагадненні падпісаны з кампаніяй «САН ИнБев Украіна», якая з’яўляецца падраздзяленнем найбуйнейшай сусветнай піваварнай кампаніі».

Між тым дырэктар прадстаўніцтва кампаніі «Оболонь» у Беларусі Аляксей Балілы адзначыў, што гэты ўкраінскі вытворца катэгарычна не прымае ўмоваў цэнавых пагадненняў, прапанаваных Беларуссю.

«У выпадку калі мы гэтую прапанову прымем, кошт нашай прадукцыі на беларускім рынку вырасце адсоткаў на 50. Такое значнае павелічэнне кошту нашай прадукцыі, натуральна, абцяжарыла б яе рэалізацыю на тэрыторыі Беларусі», — заявіў Аляксей Балілы, перадае БелаПАН.

Пры гэтым дырэктар прадстаўніцтва кампаніі «Оболонь» дадаў, што такое падвышэнне коштаў зрабіла б украінскае піва на беларускім рынку неканкурэнтаздольным.

«Украінскія бровары маюць намер звярнуцца ў Кабінет міністраў Украіны з просьбай урэгуляваць пытанне. Таму не выключана, што развязанне праблемы расцягнецца да моманту разгляду пытання украінскім урадам», — сказаў Аляксей Балілы.